Сяргей Прылуцкі. Лакальныя ўнутраныя канфлікты

Ворагу, калі што, можна даць па геніталіях,
шыі і рэбрах, або — калі баісься — ўцячы.
З унураным ворагам усё нашмат складаней —
зь ім ты наогул мала што можаш змагчы.

Ніяк не забуду адну гісторыю —
быў у мяне сусед Сашко.
Нямала моладзі з рабочых тэрыторыяў
хадзіла з падстрыжанай, як у яго, башкой.

Сусед Сашко і башка ня тое што не сябравалі,
але вялі зацяжны напружаны дыялог,
атрыманы ў спадчыну ад мамы Валі,
эксцэнтрычнага тавараведа крамы “Райзеленторг”.

Ён быў шызафрэнікам, ціхім і вельмі культурным:
штовечар хадзіў на шпацыр у парк.
Меў адзінага суразмоўцу — уяўнага сябра Юру.
І, на любое надвор’е, — адзін пінжак.

Усе пацаны раёну трымалі маўклівую згоду
не насьміхацца, бо што зь яго возьмеш — дурак:
абаранялі нябогу ад пратэстанцкіх задротаў
і такіх жа прыблудных гопнікаў і сабак.

Гадоў у 17 Сашка крыху папусьціла —
мы нават бралі яго пагуляць у футбол.
Ён забіў на вячэрнія шпацыры ў парку і сьціпла
пачаў заглядацца на супрацьлеглы пол.

Усё выглядала настолькі балюча й наіўна,
што нават нашыя бабнікі вочы апускалі долу,
бо нешта падобнае бачылі толькі ў кінах,
на сеансах з чарговай Нінай або Віёлай.

А потым яго знайшлі ў пятлі ў калідоры:
у пінжаку і сьмешным швэдры ў сьнегавікі.
У кішэні ляжала паперка: “Ва ўсім вінаваты Юра.
Сустрэнеце раптам — не падавайце рукі”.