Сяргей Прылуцкі. Герой эпохі стабільнасці

Беларусь а давай выгадуем табе нацыянальнага супергероя
Дзед-Барадзед будзе хросным Паца-Ваца нябёсным патронам
а сам ён стане снайперам на перадавой чарговае пяцігодкі

напярэдадні абвесьцім прыйсьце а потым глядзіш і другое
дамо яму ў памочнікі амапаўцаў чалавек дванаццаць
каб разганялі ў нашых сэрцах роспач а ў жылах кроў

мая нямая беларусь ты ляжыш між усходам і захадам
як прастытутка між двума заклапочанымі кліентамі
твае ногі як шлагбаўмы твой гімн як штучны аргазм

твая галава — вялікая аграрная кунсткамера —
адгнівае і крышыцца быццам зубы гераіншчыка
папусьціся мая алькаголія і марш на аналізы

бо магчыма твой 007 ужо тут у тваім міжчасьсі
недзе ў глыбінях тваіх чорных правінцыяў
сядзіць і нясьпешна шмаруе заржавелы затвор гісторыі