Барыс Пятровіч. «Кветачкі»

бессаромна пахнуць ружы жывёльным пахам падману і праўды, уздымаюць твары ўверх, кладуць галовы на твае плечы і плачуць, неспатоленым тлумам аточаныя, неаплочаным шчасцем атуленыя, і слёзы тыя плешчуцца ля ног тваіх, б’юцца аб іх як кацяняты ілбамі і цямнее дол ад тога мокрага блаславення: хай будзе так і ўсім, усім – толькі дабра, толькі пульхных вуснаў і стромкіх ног, і ні кроплі слёзнай – хай будзе так! хай зялёным святлом поўняцца лясы, блакітным – рэкі, жоўтым – пясчаныя берагі ля Мазыра, ля Гомелю, ля Гародні… колькі можна бегчы напрасткі, куды можна забегчы напрасткі? стомлены твар палымнее ружай, мокрае цела пахне жыццём, слёзы сталі потам, пот – парай, пара – дажджом, дождж – лужынаю: дай, нап’юся, нап’юся і паплачу – п’яныя любяць паплакаць над сваёю нядоляй і чужою радасцю, над несусветнай бядою і сусветным шчасцем, над тым чаго няма і чаго не будзе; слёзы хвалямі б’юцца ля ног, самыя смачныя слёзы – слёзы нашах крыніцаў, самыя блакітныя слёзы – слёзы нашага неба, самыя жоўтыя слёзы – слёзы нашых балотаў, самыя шчырыя слёзы – твае: слёзы спазнання мужчыны, у іх – боль і радасць, крык і шчасце; мужчынам гэта не дадзена, Бог абдзяліў іх шчасцем, хоць ні Мазыр, ні Гомель, ні Гародня не былі б Мазыром, Гомелем, Гародняй без слёз, без поту, без пары, без дажджу, без рэкаў – без Прыпяці, без Сожа, без Нёману, без нябёсаў, без смеху і плачу, без стогну і крыку, без дзён бясконцых і ночы кароткай, без вуснаў гарачых і спіны халоднай, і мораў не было б, і горы зраўняліся б, і космас не маўчаў бы гэтак зацята, ніца, дакорліва, зайздросліва – там ёсць усё, там няма пакуль толькі нас, няма Прыпяці з Мазыром, Сожа з Гомелем, Гародні з Нёманам, але мы туды пойдзем, мы пойдзем туды з апошняю сваёю слязою, там сустрэнуць нас першаю нашаю слязою, ад слязы да слязы – жыццё: ад кветкі да кветкі, ад ружы да ружы, ад спелага каласка да сіняга васілька...