Андрэй Пакроўскі. Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза

Калі я першы раз атрымаў на Новы Год ровар з сіськамі, гэта мяне вельмі ўразіла, я не ведаў нават, што і думаць, не кожны ж дзень такое здараецца. Бацькі толькі развялі рукамі, сказалі, што гэта ўсё Дзед Мароз, які ўчора нібыта да нас заходзіў, калі я ўжо спаў.

На наступны год паўтарылася тое самае, і я вырашыў патэлефанаваць Дзеду Марозу асабіста, бо пошце нашай ужо не давяраю, але на мой званок адказала нейкая баба, Баба Мароз, з барадой і чырвоным носам. Я зразумеў, што гэта яна, толькі пачуўшы ў слухаўцы ейны голас, такі ён быў барадаты і насаты. Яна расказала, што Дзед Мароз болей не верыць у дзяцей, што ў яго апатыя, дэпрэсія, млявасць і абыякавасць да жыцця, што ён забухаў з пінгвінамі і ўсё такое, таму з падарункамі апошнія некалькі гадоў выходзіць нейкая лажа.

Я паклаў слухаўку, падпаліў елку і выкінуў яе ў фортку на смеццявоз, што праязджаў пад вокнамі, выйшаў на вуліцу, хацеў сесці ў маршрутку, але кіроўца сказаў, што з роварам, тым больш сісястым, нельга. Што за жыццё, падумаў я, што за фукін жыццё... Дзед Мароз, Дзед Мароз, усё, хопіць, я болей не веру ў цябе, сказаў я нейкаму п'янаму шарлатану ў чырвоным банным халаце і барадзе з ваты, які спаў пад пад'ездам у дваццаціградусны мароз, падклаўшы пад галаву поўны мех ровараў з сіськамі.