Андрэй Пакроўскі. Тры чарапахі. Цяжкое пытанне

А кім будзе ваша чарапаха па веравызнанні, цікавіцца мама. Напэўна, каталічкай, гаворыць Віялета, бо я ж спадчынная каталічка. А што б ты параіў, Галляш, пытаю я. Як IT-спецыяліст, які верыць толькі ва ўсёмагутную навуку і легалізацыю марыхуаны, кажа ён, магу параіць вам занесці жывёліну ў Акадэмію навук, дзе яна спакойна прыме атэізм. Але пры чым тут легалізацыя марыхуаны, пытаю я. А што, ты супраць, здзіўляецца Галляш. Ты ж сам ведаеш, кажу. Ну дык і ўсё, мовіць Галляш.

Калі б у мяне быў чарапаха, я б зрабіла яму абразанне, кажа нам Надзея, калі мы расказваем ёй пра дылему. Хіба гэта магчыма, пытаю я. Тра-та-та, кажа яна, ты не ўяўляеш, на што здольная сучасная хірургія, асабліва за дзвесце баксаў. Але нашая чарапаха – дзяўчынка, Жучка, разумееш. Тады не ведаю, кажа Надзея.

Зрабіце з яе лепей будыстку, сказаў нам Віктар, калі мы зайшлі да яго ў госці, няхай пазнае дзэн і ўсё такое. А што такое дзэн, пытаю я. А хуй яго ведае, мовіць Віктар, давай яшчэ лепей вып'ем. Давай, кажу я. “Дзэн-н-н-н-нь”, звіняць кілішкі.

Зрабіце з чарапахі суп, умешваецца ў гутарку Пятровіч, не, лепей попельніцу, папраўляецца ён пасля таго, як чарапаха насрала яму на далонь...

Не ведаю, кім будзе нашая чарапаха, але веравызнанне, здаецца, не мае асаблівага значэння, бо нахрана ўсе гэтыя пасярэднікі ва ўзаемаадносінах з Богам? Галоўнае, каб з яе вырасла харошая чарапаха, а гэта залежыць ужо толькі ад яе самой і добра збалансаванай дыеты.