Андрэй Пакроўскі. Панк ці прапаў

Калі ты п'яны спяваеш любімыя песні, то абавязкова нарываешся на нейкіх мудакоў. Ты што, панк, запытаюць яны цябе. Ну які з мяне панк, панкі хіба носяць акуляры... Я, канешне, разумею, што спяваць не ўмею і нават песні “Бумбокса” ў маім выканні могуць падацца панк-рокам, але акуляры, акуляры, чувакі. Панкі не носяць акуляраў. Панкі ядуць гаўно і тусуюцца на памойках, а мы, тыпу, у цэнтры горада, які, праўда, па сваёй сутнасці тая яшчэ памойка. Ты панк, запытаюць цябе, ну, што я магу адказаць на гэтае пытанне?.. Можа, гэтыя рабяты – панкі і ненавідзяць усіх, апроч панкаў? А можа і наадварот, яны няпанкі і б'юць толькі панкаў, хто іх разбярэ ў цемры?

Я хацеў забіць двух зайцоў адным стрэлам і сказаў, што нягледзячы на тое, што я не панк, я прызнаю тую вялізарную кантрыбуцыю, якую панк-рок унёс у скарбонку сусветнай культуры. Насамрэч такі адказ не выратаваў бы мяне, нават калі б гэтыя рабяты выявіліся панкамі, але яны выявіліся нейкімі гоп-фашыстамі ў трэцім пакаленні. Аднаго з іх звалі чэрап, астатнія проста так стаялі. Чэрап запытаў мяне, ну што, напіўся, панк, я не чакаў ад яго такога сафісцкага выкруту. Я неяк разгубіўся і адказаў, што так, маючы на ўвазе, што я бессаромна напіўся, а зусім не тое, што я панк. А што піў, запытаў мяне чэрап, давай дыхні, панк. Я канечне мог патлумачыць яму, маўляў, нягледзячы на тое, што я не панк, што след панк-року і ўсё такое, але мне было неяк у падлу. Можа, мне хацелася нарвацца на непрыемнасці, хоць нейкая разнастайнасць у гэтым маркотна-лайновым свеце, таму я проста дыхнуў. Фу, сказаў чэрап, чарніла. Пэўна, тады ён ужо дакладна вырашыў, што я панк, нават калі я яму зараз пачну нешта тлумачыць пра акуляры, пра след панк-культуры і ўсё такое, ён мне не паверыць. Хіба я вінаваты, што настойка “белавежская” разам з пярцоўкай “бульбаш”, бальзамам “беларускім”, півам “аліварыя” і паловай пачка сіняга “пал-мала” пахнуць, як чарніла.

Ты ганьбіш нацыю, сказаў мне чэрап і адвесіў аплявуху, ведаеце, такую ў стылі “чысціце шпагу, атос, толькі дуэля можа вырашыць наш канфлікт”, я ўжо чакаў, што вось зараз ён здыме з мазолістай працоўнай рукі пальчатку і шпульне яе мне ў твар, але пальчатак у яго не было. Ты нейкі дзіўны, ты што, нярускі, запытаў мяне чэрап. Не зусім, кажу я, а адкуль, пытаецца ён, з Горадні, кажу. О, я таксама з Горадні, падаў голас спадарожнік чэрапа. Чэрап паглядзеў на свайго спадарожніка, потым на мяне і кажа: прасці, чувак, мы проста падумалі, што ты панк, а ты з Горадні, ну, мы пойдзем тады... панкаў пашукаем, а ты адпачывай, гуляй. Пакуль.

На развітанне ўсе гоп-фашысты паціснулі мне руку і зніклі ў невядомым кірунку, мы нават не абмяняліся і-мэйламі, я так і не даведаўся, як ставяцца да цябе людзі ў гэтым маркотна-гавёным свеце, калі бачаць, што твар твой разбіты.