Андрэй Пакроўскі. Кантроль

Я ехаў у тралейбусе ва ўнівер па веды. Ну, пакінуў учора трошкі на падваконні ў сталоўцы, трэба забраць. Спадзяюся, ніхто іх не прысабечыў. Вось калі б я знайшоў нечыя веды, то ў той жа момант здаў бы іх на вахту ці павесіў бы аб'яву дзе-небудзь ля раскладу з залікамі і ўсё такое, але сёння людзі ўжо не тыя, сцягнуць усё, што дрэнна ляжыць, і не пачырванеюць, а потым будуць думаць: нафіга, нафіга нам гэтыя эйчціэмэль коды і алгарытмы малявання кельцкіх узораў у Corel Draw X3, але я нешта адступіў ад тэмы. Я не пра тое хацеў расказаць.

Карацей, ехаў я ў тралейбусе, чытаў кніжку, боўтаў нагамі і нават не заўважыў, як у тралейбус зайшлі кантралёры. Гэты іхні новы дызайн вопраткі мне зусім не падабаецца, у ім яны зліваюцца з шэрым менскім, дакладней, мінскім наваколлем. Мне чамусьці зрабілася боязна, ну, думаю, зараз пачнецца, скажуць, прывітанне, як справы, куды едзеш, чаму толькі на другую пару, што чытаеш, а дзе купіў, колькі каштавала, а дасі потым пачытаць, мы вернем, ты не бойся, не бойся, Андрэю, усё будзе добра, надвор'е наладзіцца, праца знойдзецца, сесія здасца, потым дыплом, а там ужо рукой падаць да шчаслівай і бесклапотнай пенсіі, да Стыкса і Леты… карацей, як заўсёды, не люблю я гэтых кантралёраў, любяць яны мазгі кампасіраваць. Вырашыў зрабіць выгляд, што мяне няма, можа, абыдзецца. Я заплюшчыў вочы, уявіў, што знаходжуся ў ледзяной пячоры, а там пінгвіны вараць юшку, водзяць карагоды вакол елкі, чакаюць, пакуль загарыцца калядная зорка. Яны ўсміхаюцца, клічуць мяне да сябе, а я кажу: не, даруйце, сябры-пінгвіны, справы, неяк іншым разам.

Калі я расплюшчыў вочы, кантралёраў ужо не было, можна было зноў рабіць выгляд, што я ёсць.