Андрэй Пакроўскі. Значак

Я шпацыраваў па Нямізе, вяртаўся з карпапартыйнай вечарыны на сядзібе БНФ, арганізацыі, сталым членам якой быў яшчэ мой дзядуля, ён у гады вайны працаваў калабарантам і паклаў, як мовяць сведкі, каля ста партызанаў і трох мірных жыхароў, што хавалі на гарышчы танк. Калі “чырвоныя камунякі” ўсё ж такі перамаглі, мой дзед сышоў у лясы і хаваўся там ажно да 1991 года, тады яго знайшлі і падаравалі кватэру ў цэнтры Менска, якую, праўда, у 1995 канфіскавалі, і дзед зноў сышоў у лясы, але гэтым разам ён у іх ужо не хаваўся, а працаваў на лесапавале, а вольны час бавіў за кратамі, дзе харчаваўся і кватараваў за дзяржаўны кошт.

Якім чынам я трапіў з Новамашэраўскага праспекта, дзе месціцца наш офіс, на Старамашэраўскі, мне дакладна невядома, таксама я не памятаю, што мы святкавалі, колькі пілі і з кім. Пэўна, прапівалі чарговы замежны грант, які гэтым разам папрасілі аддаць адразу алкаголем. На Нямізе ж адзначалі чарговае, ужо штомесячнае свята горада, на якое гэтым разам звезлі вязняў з навакольных турмаў, на хвілінку мне нават падалося, што я бачыў сярод іх майго дзядулю, але гэтая фата-маргана хутка знікла. Былі там і выдатнікі-пэтэвэшнікі, і сябры варожай нам арганізацыі, вядомай як БРСМ. Я важна ішоў па праспекце, несучы ля самога сэрца значак, на якім было напісана: “За свабоду”, і спяваў песні, спрабуючы перакрычаць шматтысячны натоўп і папулярную музыку з вялізарных рэпрадуктараў. Да мяне падышлі людзі ў цывільным з прыветнымі ўсмешкамі і двума шарыкамі – чырвоным і зялёным. Яны папрасілі даць пакарыстацца значкам, які я даверліва аддаў і пайшоў далей. Пасля, праз шмат гадоў, я пабачыў яго ў музеі КДБ побач з плоймай джынсавых і чорных стужак, тэрмасаў, бутэлек гарэлкі і парнаграфічных часопісаў замежнай вытворчасці.

Калі я наступным ранкам ачуняў і не знайшоў ля сэрца сваёй гордасці, я вельмі здзівіўся і пачаў пакутліва згадваць падзеі ўчорашняга дня. Перад вачыма з’явіліся твары маіх выпадковых знаёмых, што пазычылі ў мяне значак. Дзякуючы характэрным асаблівасцям іхнага аблічча я прыйшоў да высновы, што гэта былі прадстаўнікі спецслужбаў. Калі я расказаў пра сваю трагедыю на наступнай карпапартыйнай вечарыне, мяне выключылі з партыі і сказалі, каб без значка не вяртаўся. Я не ведаў, што рабіць. У мяне пачаўся запой. Калі я прапіў свой апошні грант, у мяне з'явіўся план, які я спаліў.

Я кінуў універсітэт, асабліва не шкадуючы пра гэта, бо зусім нядаўна здаў дзяржіспыт і быў пераведзены на пяты курс. Наступнай восенню я проста не з'явіўся на заняткі, а пайшоў у ваенкамат і запісаўся ў марскія коцікі, але праз недарэчную памылку замест коцікаў трапіў у свінкі, куды мяне з радасцю ўзялі, бо ім якраз былі неабходныя спецыялісты ў вобласці лінгвістыкі і перакладу эканамічных і грамадска-палітычных тэкстаў. Ва ўніверсітэце ж думалі, што я прадаў радзіму і з'ехаў мыць амерыканскі посуд, фарбаваць амерыканскія платы, атрымліваць амерыканскія тыпсы, красці амерыканскія шмоткі з амерыканскіх супермаркетаў і маркетаў паменей.

Пасля прысягі нас павялі рабіць ганаровыя наколкі, і тут мяне ледзь не папалілі, бо знайшлі на маёй спіне велічэзную выяву “пагоні”. Яе мне зрабілі бывалыя апазіцыянеры з беларускамоўнага сёмага “Э”, калі я вучыўся ў шостым класе.

– Што гэта за хуйня на кані? – запытаў ў мяне сяржант.

– Гэта Будзёны, – адказаў я, каб не выкрыць сябе, і зрабіў хвалісты рух лапаткамі, а “Будзёны” на маёй спіне памахаў мячом у адказ.

– Добра, тады запішам цябе ў кавалерыю. Вас навучаць змагацца з няўзброеным ворагам у гарадскіх умовах.

Мая служба прайшла як адзін дзень, і праз 18 месяцаў я вярнуўся дадому ў блакітным берэце са сланечнікам. Пасля арміі я без цяжкасцяў здаў уступныя іспыты (стральбу, падцягванне і гісторыю Беларусі) ў акадэмію МУС, дзе з мяне павіны былі зрабіць дыпламаванага мусара. Пасля заканчэння акадэміі мяне размеркавалі ў КДБ, бо я вельмі добра страляў і падцягваўся.

На сёмы дзень маёй працы да нас дайшла інфармацыя, што апазіцыя мае нейкія новыя значкі і налепкі, якіх яшчэ няма ў нашым музеі. Акрамя гэтага Сяргей Міхалок, што жыве цяпер на Гандурасе, са спецслужбамі якога мы, на жаль, не маем дамоўленасцяў, нейкім неверагодным чынам закінуў у нашу краіну стос кружэлак з нейкімі надзвычай абразлівымі песнямі, што сёння актыўна развучвае апазіцыя. Мы атрымалі заданне канфіскаваць некалькі экзэмпляраў новых значкаў і налепак для музея, знішчыць кампакт-дыскі з песнямі Міхалка, а за кампанію самога спевака і ўсіх, хто паспеў развучыць ягоныя песні. Каб справакаваць апазіцыю на актыўныя дзеянні, мы вырашылі зладзіць Дзень горада.

Святкаванне ішло як заўсёды, мы запусцілі ў неба колькі чырвона-зялёных дырыжабляў, паветраных шароў і змеяў. У паветра паднялася сельскагаспадарчая авіяцыя і пачала паліваць горад чырвоным і зялёным дажджом пестыцыдаў. Па галоўным праспекце, якому нарэшце вярнулі аўтэнтычны назоў Гаўпштрассэ, на ружовых камбайнах ехалі трансвестыты, а на блакітных трактарах гомасэксуалісты везлі лесбіянак, што падкідвалі ўгору чырвоныя і зялёныя ружы. З гарадскіх фантанаў замест вады лілося піва “бобров”. Ансамбль “сябры” ладзіў свой традыцыйны open-air ля Палаца рэспублікі. Усім было весела, акрамя яе. Яна ішла па Новамашэраўскім праспекце, пераступаючы цераз п'янтосаў, што з апошніх сіл павыпаўзалі з фантанаў, і ўхілялася ад чырвона-зялёных блазнаў, што прапаноўвалі сцяжкі і “савецкую беларусію”. Яна ішла з боку Новамашэраўскага праспекта і неяк хісталася. Яна спрабавала перакрычаць шматтысячны натоўп і музыку з вялізарных рэпрадуктараў, яна нешта спявала. Я падышоў бліжэй і зразумеў, што гэта песні з новага альбома Міхалка. Памылкі быць не магло – бэнээфаўка.

Я акружыў яе з усіх бакоў, але, пабачыўшы твар, анямеў. Гэта была яна, Алена... Апошні раз я бачыў яе на той злашчаснай карпапартыйнай вечарыне, калі мяне выключалі з партыі. Я яе некалі вельмі кахаў, але ж партыю я кахаў болей. Божухна, Божа, я зусім забыўся пра тое жыццё, я зусім забыўся, дзеля чаго вучыўся ў акадэміі МУС і пайшоў працаваць у КДБ. Зараз... зараз я ёй усё раскажу, яна зразумее, яна дапаможа, яна... яна...

– Але.. – хацеў пачаць я размову, але... але... але атрымаў ад Алены нажом у сэрца, ля якога я некалі насіў значак “за свабоду”, праз які маё жыццё радыкальна змянілася, праз які я тут вось ляжу... у крыві... у чырвонай крыві і зялёных штанах. “Будто кто-то мне в кабацкой драке саданул под сердце финский нож...” – гэта быў яе любімы верш. Яна часцяком чытала яго мне, калі мы заставаліся адныя і ніхто не мог пачуць, як мы размаўляем па-расейску...

Праз некалькі хвілінаў да Алены падышлі людзі ў цывільным, хутка сарвалі з яе ўсе ейныя значкі і нават джынсавую стужку і ўцяклі ў невядомым кірунку. Алена не вытрымала гэткай ганьбы, хутка нанесла сабе два ўдары: ад дыяфрагмы да пупка першы і ад правай да левай рабрыны другі. Яна ляжала ў некалькіх кроках ад мяне... у крыві... у чырвонай крыві і белай сукенцы.