Андрэй Пакроўскі. Без галавы

Аднойчы я пайшоў у школу без галавы. Кажучы шчыра, гэтае аднойчы пасля таго аднойчы здаралася ўжо не аднойчы і не двойчы, і нават больш, чым тройчы. Гэта ператварылася спачатку ў добрую традыцыю, а потым ужо і ў звычку, ад якой немагчыма пазбавіцца нават з дапамогай спецыяльных пластыраў.

Ведаеце, часам, бывае, прачнешся а сёмай і думаеш: можа, лепей яшчэ паўгадзіны паваляцца, зэканоміўшы час на сняданку, галенні і водных працэдурах?.. Менавіта ў адну з такіх раніц гэта і здарылася. Я ўстаў з ложка, а галава засталася ляжаць на падушцы. Яна так салодка спала, што вы б самі не наважыліся абудзіць яе. Я накрыў галаву коўдрай, каб не замерзла, і пагладзіў па шчацэ. Няхай яшчэ паспіць, падумаў я. Пасля скіраваўся на кухню, наліў у шыю два кубкі гарачай кавы і пайшоў апранацца. Усё было як звычайна, апроч таго, што капялюш я не надзяваў, бо навошта капялюш, калі галаву ты пакінуў дома.

Сёння на вуліцы часцяком можна сустрэць чалавека без галавы. Гэта нават не ўспрымаюць як фізічны недахоп. Людзям без галавы ўжо не саступаюць месца ў трамваі, без галавы не праедзеш па ільготным талоне за палову кошту. Раней усё было інакш, на мяне азіраліся, паказвалі пальцам, нават адзін раз праверылі дакументы.

Праз усю гэтую ўвагу на першы ўрок я, вядома, спазніўся. Гэта была матэматыка, якую я вельмі не любіў, а яна адказвала мне ўзаемнасцю.

Клас у нялюдскіх пакутах вылічваў значэнне дыскрымінанта.

– Ты спазніўся на дзесяць хвілінаў. Дзённік на стол, – сказала настаўніца, нават не паглядзеўшы на мяне.

– На жаль, я забыў яго.

– А галаву ты не... – фразу яна скончыць не здолела, бо мой выгляд яе, напэўна, вельмі здзівіў.

Так, вучань без галавы – гэта зусім не тое, што вучань з галавою…

Яна моўчкі загадала мне ісці на месца, махнуўшы рукою ў бок маёй парты, дзе я ўжо трэці год сядзеў з завучкай і шасцёркай Наталкай Прайгерман, якую з невядомай прычыны кахаў, а яна, у адрозненне ад матэматыкі, аніяк не жадала адказваць мне ўзаемнасцю.

Мой першы дзень без галавы праляцеў, як адно імгненне. І вось я ўжо зноў ля свайго ложка, а галава так і ляжыць на падушцы. Я пагладзіў яе па шчацэ, лёг побач і ў хуткім часе заснуў.

З тых часоў усё болей навучэнцаў нашай школы пакідалі свае галовы ў хаце. Гэта з цягам часу ператварылася ў нешта кшталту моды. Дырэкцыя спрабавала змагацца, але, як і ў выпадку з джынсамі, барацьба скончылася безвынікова. Адзінае, што яны здолелі зрабіць, – дык гэта прымусіць усіх насіць на грудзях бэджык з іменем, прозвішчам і групай крыві.