Андрэй Пакроўскі. Аист

На першым узі Марыі сказалі, што ў яе будзе ровар. Як ровар, здзівілася яна. Ну вось, самі паглядзіце, раздражнёна вымавіў лекар і павярнуў манітор да жанчыны. Нешта не вельмі на ровар падобна, недаверліва сказала Марыя, углядаючыся ў экран. Ну паглядзіце, вось рама, вось тут пачынаюць расці колы, вось зародак руля, вось маленькія фары, карацей, добры ровар, развіваецца як след. Марыя нейкі час памаўчала, а потым сабралася з сіламі і запытала, а гэта горны ці шашэйны. Ну, пакуль цяжка сказаць, рама яшчэ не да канца сфармавалася, прыходзьце праз 8 тыдняў, скажам больш дакладна, вы, галоўнае, не хвалюйцеся, пакуль усё ідзе як трэба. Галоўнае, зараз больш гуляйце, ешце гранаты, фінікі, хурму, часцей бывайце на свежым паветры, піце салідол, ну, карацей, вы і самі ўсе добра ведаеце.

Марыя выйшла з кабінета, на калідоры яе чакаў муж. Ну што, запытаў ён, хто там, хлопчык ці дзяўчынка. Пакуль невядома, адказала Марыя, рама яшчэ... Якая рама, здзівіўся муж... Лепей сядзь, дарагі, сказала Марыя і паклала руку на плячо мужу, карацей, не ведаю, як гэта атрымалася, але лекар сказаў, што ў нас будзе ровар... Некаторы час ён маўчаў, потым занёс руку, каб ударыць жонку, але стрымаўся і моўчкі пайшоў па калідоры да выйсця. Марыя закрыла твар рукамі, села на лаву ля нейкай пузатай жанчыны, тая абняла яе, і яны разам заплакалі. Цяжарныя вельмі добра разумеюць адна адну.