Андрэй Пакроўскі. Памяці Галляша

У мяне быў сябар. Яго звалі Галляшом. Ён быў вельмі лянівым, як той кот, што сеў на недапалак. Кату, канечне, было вельмі балюча, але ўставаць ўсё адно ўпадлу. Галляш не любіў хадзіць на працу, каму гэта зараз падабаецца, скажаце вы й будзеце мець рацыю, але Галляш не любіў працу не праз шэфа дэбіла (ён сам быў шэфам дэбілам), не праз нізкія заробкі (гл. вышэй), не праз тое, што сартаваць пацеркі па колерах справа даволі цяжкая, працаёмкая і шкодная для зроку... Не, Галляш не любіў працаваць, бо яму было ўпадлу. Больш за працу Галляш не любіў толькі хатнія абавязкі, асабліва мыццё посуду.

Калі аднойчы ад яго сышла жонка, якая заябалася прыбірацца за ім, кватэра пачала пакрывацца пылам, у ёй стаяў невыводны пах урыны, бо Галляш адліваў не сыходзячы з канапы, проста ў бутэлькі з-пад піва. Калі Галляш клаўся спаць, ён нават не здымаў шкарпэтак і галош. На кухні ў ракавіне пачалі збірацца велічэзныя стосы посуду: талеркі і сподачкі, сталовыя й чайныя лыжкі, палонікі і рондалі, кубкі і келіхі, відэльцы й нажы, нават фамільнае срэбра, падараванае бацькамі на вяселле... Усё ляжала ў велічэзным стосе, які пагражаў вось-вось гакнуцца й разбіцца аб брудную падлогу, па якой бегалі велічэзныя прусакі. Яны нападалі на мышэй і мурашэй, яны адчувалі сябе гаспадарамі кухні, ды й увогуле ўсёй кватэры.

Трэба адзначыць, што такая сітуацыя Галляшу была зусім не да спадобы, бо акрамя таго, што ён быў гультаём, ён да ўсяго іншага быў гультаём-чыстаплюем й ніколі б у жыцці не стаў бы есці з непамытай талеркі, што, уласна кажучы, яго й пагубіла.

Галляш памер ад голаду, бо не знайшоў чыстага посуду.