Андрэй Пакроўскі. Н.Г.

У Навагоднюю ноч мы варажылі па Кнізе Рэкордаў Гінэса ад 1990 года. Адзін мой сябра апынуўся найстаражытнейшым лабірынтам. Усё лагічна, ён жа такі загадачны, што там робіцца на пераплеценых сцежках ягонай душы... Другі найдаўжэйшым гатэлем, што таксама вельмі сымбалічна, бо ён быў гаспадаром аднапакаёвай кватэры, якая прытуліла недзе з 13 чалавек. Я быў найглыбейшым каналам, у якім, пэўна, скончыцца мае жыццё.

Адна дзяўчынка была спачатку дрэвам з найбольшай колькасцю лісця, а потым Юрасём Гагарыным. Другая найбуйнейшым дыназаўрам, трэцяя найвышэйшай замужняй парай. Былі на нашай вечарыне й сабакі, што адшукалі найбольшую колькасць наркотыкаў, што аднак аніяк не зашкодзіла ім на навагодняй вечарыне нажлукціцца даўсрачкі. Быў тут й ўладальнік найбуйнейшай калекцыі пушак ад запалак, які ў рэальным жыцці й сапраўды з'яўялецца тым яшчэ пушэрам. Знайшоўся й самы стары ровар й багата рознай нікому непатрэбнай хрэні й срані.

Потым мае мазгі перасталі працаваць, бо за кожную паспяховую варажбу мы, вядома, выпівалі, а алкоголь нестаноўча ўплывае на мае перакладніцкія здольнасці (кніга была на ангельскай). Я заснуў, недзе ў калідоры найдаўжэйшага гатэлю, бо блукаючы па найстаражытнейшым лабірынце я не здолеў адшукаць уласны пакой. У хуткім часе ля мяне лег яшчэ нехта, вельмі высокі. Час ад часу я прачынаўся ад нейкіх дзіўных рыкаў, гэта найбуйнейшы дыназаўр швэндўся па кватэры ў пошуках ежы, часам ступаючы нагой у міскі з недаедзнымі салаткамі, а ў вакне мільгала нейкая зорка, ды не, гэта была зусім не зорка, гэта Юрый Джы, наматваў кругі вакол нашай планеты, круцячы педалі свайго касмічнага караблю.