Андрэй Пакроўскі. Кафка. Дзяцінства

Аднойчы Аляксей пайшоў у школу і не вярнуўся, тады мама сказала ягонаму малодшаму брату Лёшы, каб то схадзіў і даведаўся, што здарылася, але Лёша таксама пайшоў і не вярнуўся. Мама пачала хвалявацца і хацела ўжо адправіць па дзяцей тату, але вырашыла, што лепей не рызыкаваць. "Лепей новых наробім", сказала мама яму і яны адразу пайшлі рабіць новых у спальню.

Праз дзевяць месяцаў нарадзіўся я. Вельмі добра памятаю той дзень, у меня быў дзень нараджэння. Мама спекла торт, прыйшлі госці: дзядуля, бабуля і мой сябар Гарык, які быў на год старэйшы ад мяне, ён падараваў кніжку. Не скажу як яна называлася, бо тады не змог прачытаць назву (у мяне не было пад рукою акуляраў для чытання). Дзядуля падарыў мне абанемент у басэйн, бабуля кацянё. Тата прыйшоў у касцюме Дзеда Мароза. Трэба адзначыць, што Дзед Мароз прыходзіў да мяне потым даволі часта, бо мой тата працаваў Дзедам Марозам. Яму заўсёды прыходзіла шмат лістоў, але ён не чытаў іх, затое мы амаль не куплялі туалетнай паперы. На мой першы дзень нараджэння тата падарыў мне ровар. Падарунак надзвычай спадабаўся, я быў так уражаны, што нават згубіў дар мовы й не размаўляў потым гады два. Я паваліўся на падлогу й пачаў равець. Я не падымаўся даволі доўга, пакуль не навучыўся хадзіць.

Праз шэсць год мяне адправілі ў школу. Я вельмі баяўся туды ісці, бо добра ведаў сямейную гісторыю. Лепей пагуляю трошкі, падумаў я і рушыў у адваротны ад школы бок. Ішоў доўга, некалькі разоў зварочваў, перабягаў праз дарогу, заходзіў у нейкія двары, праходзіў праз пад'езды, закараскваўся на стрэхі й нават не заўважыў як сцямнела. Я азірнуўся навокал і зусім не пазнаў свайго горада. Я згубіўся. Гэх, Алёшка, Алёшка, лепей, ты ўсё ж такі б у школу пайшоў, сказаў я сябе й зайшоў у пад'езд, каб трошкі пагрэцца.