Андрэй Пакроўскі. Rage against menschen

Калі я маўчу, унутры мяне нехта размаўляе, голас загадвае мне забіць чалавека, а часам нават двух. Кажучы шчыра, некаторых з тых, каго мне загадваюць забіць, я б і сам зарэзаў з вялікай ахвотай, без усялякіх там загадаў, але ўсё ж такі няхай гэта зробіць нехта іншы, няхай ім на галаву зваліцца цагліна ці яны праваляцца ў каналізацыйны люк. Забіваць людзей – гэта неяк непрыгожа, мне так здаецца. Мы ўсё ж такі хрысціяне.

Карацей, каб заглушыць гэты голас, я вымушаны ўвесь час размаўляць і ні хвіліны не магу сядзець моўчкі, бо зноў і зноў чую: забі, забі, забі. Я размаўляю на парах ва ўніверы, у тэатры і кіно, у грамадскім транспарце з выпадковымі суседзямі па поручнях і г. д. Гэта ўсіх вельмі напружвае. Нават у сне размаўляю, што вельмі перашкаджала ў свой час маёй любай. Я давёў яе да таго, што яна і сама была б не супраць зарэзаць мяне. Часам я прачынаўся з нажніцамі ля горла... Я яе, вядома, вельмі кахаў, але мы вырашылі, што лепей усё ж такі нам разысціся.

Мне, відаць, патрэбная дапамога.

Я вырашыў сысці ў кляштар і стаць манахам. Я прайшоў медыцынскую камісію: здаў аналізы, зрабіў флюараграфію, кампутарную тамаграму галавы, усё такое. Абышоў процьму лекараў ад акуліста да практолага, і нарэшце мяне ўзялі. Я прадаў кватэру, раздаў усю маёмасць бамжам, дзецям, суседу і з чыстым сумленнем пераехаў у кляштар Святога Берла ў Гайцюнішках.

Цяпер мяне клічуць братам Галакціёнам. Між іншым, нічога смешнага, маё свецкае імя Сяргей падаецца мне нашмат больш смешным і недарэчным. Карацей, цяпер я перапісваю Голі Байбл на лічбавыя носьбіты, а вольны час баўлю за малітвамі. На выходных езджу ў сталіцу на пропаведзі, мне даюць мацюгальнік, высаджваюць недзе ля Камароўкі, і я крычу ўсялякую лухту пра Канец Света і ўсё такое.

Ведаеце, усёмагутны божанька не надта мне дапамог, бо голас цяпер мала таго што загадвае забіць чалавека, дык яшчэ схіляе да гомасэксуалізму, а мне такі расклад зусім не падабаецца, бо я думаю, што ябаць мужыкоў – гэта неяк не па-хрысціянску.

Застаецца, пэўна, адно: забіць гэтага чалавека... што сядзіць ува мне, але ж, забіваць людзей – неяк непрыгожа, мы ўсё ж такі хрысціяне.