Віялета Пачкоўская. Архітэктура тваіх касцей

архітэктура тваіх касьцей
нашмат складаней
за шкілет тваёй чарапахі
але, напэўна, прасьцей
за формулу паху
дажджлівай восеньскай ночы
дзіўныя нейкія сны
спрасоньня працягваю руку
і спрабую намацаць
тваю рабрыну
але ты ня побач
да цябе 5 прыпынкаў
на падземным каўчэгу
і 5 навучальных дзён
ва універсітэце
да цябе не было людзей
у цябе няма рабрыны
але ёсьць выйсьце
на правы бок
з яго крыштальным паветрам
гарбатай
пацеркамі
і саплівым носам
наўзамен