Наста Манцэвіч. Быў адзін з апошніх летніх дзён...

Быў адзін з апошніх летніх дзён. Пра кожны з якіх ты думаеш – ну вось гэты, дакладна – самы апошні. Не хочаш прапусціць. Таму бярэш кніжку і выходзіш на двор.

Свяціла сонца – пякло ў патыліцу. Я сядзела на лаўцы і чытала Хэмінгуэя “Свята, якое заўжды з табой”. З дому насупраць выйшаў кульгавы мужчына гадоў 60-ці, ён вёз у вазку сваю старэнькую маці. Да мяне даляталі абрыўкі фразаў:

"...ведаеш, я толькі шкадую, што не было граду"

Пра што яны гавораць?

Мужчына пакінуў бабулю адну, сам пайшоў дадому, сказаў, што вернецца праз 15-20 хвілін.

"Можаш тут ездзіць і тут. Калі ісці прама – будзе дзіцячы садок, на лева – проста сцежачка. Прайдзіся троху і націскай на тормаз".

І бабуля "пайшла". Яна сядзела ў вазку, круціла рукамі колы, адначасова перабірала па зямлі нагамі, нібыта ішла. Сын яшчэ раз азірнуўся ля самага дома, крыкнуў: "Прайшлася, спынілася, націснула тормаз! Прайшлася, спынілася, націснула тормаз!"

Бабуля замахала яму, маўляў, адчапіся, ну. Паглядзела на мяне і паўтарыла: "Прайшлася, спынілася, націснула тормаз. Прайшлася, спынілася, націснула тормаз".

Я ёй усміхнулася, яна паехала.

Калі не глядзець, а толькі прыслухоўвацца да гукаў, то сапраўды можна было вырашыць, што хтосьці ідзе – топ топ топ – частыя, дробныя крокі. Яна спынялася праз кожныя 30 метраў, адпачывала хвіліну-другую, рушыла далей, пасля – разварочвалася, вярталася назад.

Праз некалькі хвілін па той самай сцежцы прайшла маладая сям'я. "Мама-тата, станавіцеся тут", – загадаў хлопчык. Усе сталі ў адзін радок, хлопчык палічыў "раз-два-тры", усе трое скокнулі на адзін крок наперад. Калі гэтыя людзі былі ўжо далёка, а бабуля акурат праязджала побач са мной, з’явіўся хлопчык на самакаце. Паглядзеў на мяне, усміхнуўся, сказаў: "Якая смешная бабуля".

Наступным разам бабуля ад'ехала далей, чым звычайна, таму вярнулася не хутка. Неўзабаве за ёй выйшаў сын. Як і абяцаў – прайшло хвілін 20. Цяпер ён абапіраўся на палачку.

"Добра, калі б такое надвор'е пратрымалася яшчэ да верасня", – данесліся да мяне ягоныя словы. Падзьмуў вецер, словы маці з сынам увесь час прыглушаліся... Хутка яны схаваліся за кутом дома. А ўжо з іншага боку сцежкі паказалася сям'я – бацька, маці і маленькая дзяўчынка на ровары. Дзяўчынка гучна раўла, звяртаючы на сябе ўвагу.

"Гэта ж працаваць трэба! Гэта ж хамяк! Лянівы хамяк. Ён жа працаваць не ўмее. Ён жа толькі жарэ і мульцікі глядзіць!", - абураўся бацька. Сям'я адыходзіла ўсё далей. І калі амаль завярнулі за рог дзіцячага садка, вецер данёс словы бацькі: "Педалі круці!"