Наста Манцэвіч. Параноя

Калі б ні гэтая дурацкая параноя, Вадзім застаўся б начаваць у сястры. Яна ўжо нават паслала яму на навюткай канапе, але раптам яму здалося, што ён пакінуў на пліце чайнік. І вось цяпер, замест таго, каб спаць пад цёплай коўдрай, ён ідзе па цёмных бязлюдных вуліцах, праклінаючы чайнік, быдлянскі раён і сваю параною. Але параноя толькі расце… Можа з-за таго, што ён баіцца сабе прызнацца ў тым, што баіцца. А можа – з-за таго, што паўгода таму якраз у гэтым завадскім раёне яго зажопілі два гопніцкага выгляду амбалы. І пачалі збіваць, так, як быццам бы ён быў штосьці ім вінны. І хаця ён нічога не быў ім вінны, аддаў амаль усё, што ў яго тады было – кашалёк, мабілку, пачак цыгарэт і гадзіннік.

Цяпер у яго быў ужо новы гадзіннік, які акурат у той момант, калі ён на яго паглядзеў, паказваў 00.52… І калі праз хвілін пяць няспыннага страху і трасення Вадзім ізноў глянуў на свой гадзіннік, на ім было 00.53. А да дома было яшчэ далёка, і самы страшны кавалак дарогі – мост над чыгункай – яшчэ наперадзе.

Спачатку ён думаў паслухаць плэер, каб скараціць дарогу, троху забыцца... Але тут жа зразумеў бязглуздасць і небяспечнасць сваёй ідэі. Ён ішоў ціха, прыслухоўваўся да ўсяго навокал, да кожнага свайго кроку. Ці толькі свае крокі ён чуе? Часам яму здавалася, што хтосьці ідзе побач, тады ён спыняўся, каб праверыць, ці сапраўды гэта ягоныя крокі, тыя, што ён чуе? І калі ён спыняўся, то пераставаў дыхаць. І чуў толькі, як сэрца стукае ў горле… І кожны такі раз ён разумеў, што гэта ўсяго толькі пакаціўся лісток па асфальце.

Раптам за спінай ён пачуў мужчынскія галасы. Вадзім тут жа адскочыў убок і ўціснуўся ў сцяну, галасы ўсё набліжаліся, а ягонае сэрца тухкала ўсё гучней і гучней, ён ледзь-ледзь вытрываў, каб не запішчэць: “Ратуйце!!!” Хаця хто яго мог тут пачуць? Гэта была сценка старога закінутага заводу. І нікога наўкола… Праўда, калі паўгода таму ён крычаў “Ратуйце!!!”, яго ніхто не пачуў, хаця гэта было ва ўласным яго пад’ездзе, але можа ён слаба крычаў, хто цяпер разбярэцца…

Але людзі апынуліся ўсяго толькі людзьмі, яны прайшлі, не зважаючы на Вадзіма. Ён адліп ад сцяны і вырашыў, што так далей працягвацца не можа. І хоць такія паводзіны больш прыцягваюць да сябе ўвагу, ён вырашыў, што будзе бегчы. Перад тым як кінуцца з усіх ног, ён падабраў з зямлі камень, з разліку, што калі дабяжыць да жылога квартала, то зможа ў выніку чаго зашпульнуць ім у акно… Ён будзе бегчы так хутка, як толькі можа. А там глядзіш – і мост над чыгункай перабяжыць, за якім ужо пачынаюцца дамы. А дамы – гэта вокны, а ў вокнах – людзі…

Гэта, напэўна, быў самы доўгі і самы хуткі ў яго жыцці крос.

І вось ён падбягае да дому, з каменем у руцэ, сэрца б’ецца, як у таго сабакі, яшчэ троху, і ён думае, будзе дома, вось ён ужо бачыць свой пад’езд, ён азіраецца – ззаду нікога няма… І тут з іншага боку з’яўляецца сілуэт, ён набліжаецца да яго пад’езда, становіцца ўсё бліжэй і бліжэй, Вадзім бачыць, што гэта дзяўчына, у карычневым паліто, ды без шапкі, чамусьці менавіта такія дробязі запамінаюцца ў такія моманты, ён нават не разумее, заўважыла яна яго ці не… ён думае, што калі паскорыцца, то можа быць, яна не паспее зайсці ў сваю кватэру… дзяўчына спыняецца каля дзвярэй, адчыняе… ён выкідвае камень з рукі, наўрад ці яшчэ ён спатрэбіцца, дзяўчына заходзіць у пад’езд, праз пару секундаў ён дабягае да дзвярэй, азіраецца, пасля таго як на яго напалі, ён ніколі не ўваходзіць у пад’езд, не праверыўшы ці не ідзе хто за ім – здаецца, усё спакойна, ён зачыняе дзверы, двума шырокімі крокамі пераадольвае пралёт у 8 прыступак, прыціскае руку да яе рота і кажа:

– Паспрабуй толькі піскнуць, шлюха.