Наста Манцэвіч. Тры вершы



Калі у вачох цямнее,
мне хочацца проста ўкленчыць:
“О Божа, хачу да мамы!
да таты хачу на плечы…”
каб апынуцца ў дзяцінстве,
як колісь –
хавацца ў шафе
сярод кажухоў і шапак
цукеркі цягаць з буфету
ды красці ў суседа слівы

…і быць маленькім і лёгкім,
і, ёб вашу маць,
Шчаслівым.

* * *

Сяджу каля тэлевізара
ем цукеркі
паперкі
сьлінай прымацоўваю
да сьценкі.
Адначасова
дакладна – у перапынках
калупаю пальцам
ў шкарпэтках дзірку.
Размалёўваю “А4″
уздоўж і ўпоперак
упоперак і ўздоўж
Я
злосны калючы вож
іголкі растуць
на сьпіне.
Ты патэлефануеш,
ці не?

* * *

Мы крочылі побач
рука ў руку
да пляча плячо
твар у твар
вочы ў вочы
у рот рот.

Так мы ступалі, крочылі
нага ў нагу,

пакуль ты не збочыла.

І цяпер вока за вока,
цяпер – зуб за зуб.

Усё, што ты з сабою забрала
я выскубу, адгрызу —
вярну сабе ўсё,
да сябе вярнуся…

Забяру сабе свае вочы,
з твару змыю твой твар,
адляплю ад вуснаў твае вусны,
вырву руку з рукі.

І калі сэрца сціснецца ад адчаю,
я буду шаптаць як мантру,
што ты – родная,
баючыся паверыць,

што ты чужая.