Наста Манцэвіч. Што мне рабіць з табой

Што мне рабіць з табою,
такой прыгожаю?
Калі ты стаіш на кухні
ў адных шкарпэтках
і варыш каву. мне.
у маёй кватэры, —
Глядзець на цябе.

Што мне рабіць з табою,
такой разумнаю?
Калі ты расказваеш
мне. з захапленнем
пра фільм, які паглядзела,
пакуль я была на працы, —
Слухаць цябе.

Што мне рабіць з табою,
такой пяшчотнаю?
Калі ты ўсміхаешся
і кратаеш мяне за руку
сваёю рукой
пяшчотнай, як ты ўся, —
Абдымаць цябе.

Што мне рабіць з табою,
такою дзікай?
Калі ты ператвараешся
ў ваўчыцу, і я
імгненна
ператвараюся ў ваўка, —
Спаць з табой.

Што мне рабіць з табою,
такою зменлівай?
Кожны дзень рознаю,
Непасрэднаю,
пазбаўленай логікі, ды
Нявечнаю, —
Быць з табой.