Наста Манцэвіч. Шмат хто мне кажа

Шмат хто мне кажа, што калі б не было смерці, не было б сэнсу і жыць, што ўласна ў смерці і ёсць сэнс жыцця, што калі ведаеш, што гэта павінна скончыцца, яно не назаўсёды, — пачынаеш цаніць больш і жывеш асэнсавана, а значыцца, на поўную; і я гатовы з усім гэтым пагадзіцца адразу, але я ведаю што калі я п’ю сваю бутэльку піва каля тэлевізара і ведаю, што гэта мая адзіная на сёння бутэлька піва і бачу як з кожным глытком яго становіцца меней, калі я еду ў метро і ў навушніках грае мая ўлюбёная песня, і я дакладна ведаю колькі акордаў засталося да фінальнага яе акорда, а плэер ляжыць на самым дне заплечніка, і да яго ў такую гадзіну пік не дабярэшся, калі я сплю ў абдымку са сваёй каханай дзяўчынай і ведаю, што гэта ў апошні раз яна мяне абдымае, што гэта наша апошняя ноч, прычыны бываюць розныя, — усё гэта не дае мне магчымасці расслабіцца і атрымаць ад жыцця асалоду, і, як вынік, сказаць сябрам, што я шчаслівы; і вось калі я пра гэта думаю, то бываю вымушаны адзначыць, што людзі, якія так кажуць пра смерць, — дурні, і што апошні раз я быў шчаслівым у шэсць гадоў, калі з вакна дзіцячага пакоя падгледзеў, як хаваюць суседа-алкаголіка.