Наста Манцэвіч. Падарожжа ў Егіпет

Томаку было 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў невялічкім горадзе W. Няма сэнсу расказваць штосьці яшчэ пра Томака – ўсё адно нічога адметнага ў яго жыцці не адбывалася. Хіба што варта ўзгадаць пра знешнасць – Томак быў досыць прывабным. Ён мог бы нават карыстацца попытам сярод дзяўчат.

Усё здарылася падчас падарожжа ў Егіпет.

Ён, як звычайна, распланаваў усё яшчэ задоўга да самой вандроўкі.

23 студзеня яны з мамай сядуць у самалёт і ўжо праз чатыры гадзіны, апранутыя ў шорты і майкі, будуць ісці па афрыканскай зямлі, удыхаць цёплае, салодкае паветра. Ён прыабдыме маму, пацалуе яе ў шчаку, а яна хлопне яго па задніцы... па-бацькоўску лагодна. Ім дадуць адзін нумар і будуць гадаць, хто гэта — мама і сын альбо састарэлая жанчына з маладым палюбоўнікам? І ад такіх думак у Томака казытала пад левай лапаткай.

Ён вырашыў так. Кожную раніцу яны будуць прачынацца а сёмай, каб не марнаваць часу. У сем пачынае працаваць сталоўка — рана, і таму яны там будуць адны. Будзе добра і цёпла. Спакойна — гэта Томак любіў больш за ўсё. І ніякія гаваркія італьяшкі ці хто там яшчэ не будуць ім замінаць. Яны будуць есці круасаны і піць салодкую каву. На абед яны вып’юць бульёнчык і з’ядуць спагецці з салатай. А перад сном абавязкова — па бакале чырвонага егіпецкага віна. Каб сон быў здаровым і крэпкім.

Пасля сняданку мама і Томак пойдуць на пляж. Адна толькі думка, што ім з мамай давядзецца ехаць у адным аўтобусе з іншымі людзьмі, пачынала Томака нерваваць.

Яны абавязкова будуць на пляжы да адзінаццаці, бо пасля сонца ў Егіпце становіцца небяспечным. Ён вельмі дасканала ўсё спланаваў.

— Прывітанне! Я — Віка. Адпачываеш з мамай?

Яна ляжала на пляжы і была вельмі прыгожай. І ён бы ніколі яе не заўважыў, калі б яна сама да яго не падышла.

І тут усё закруцілася закруцілася ў галаве Томака, як верталёты, а зямля пачала выпаўзаць з-пад ног.

— Ды так... — сказаў Томак.

А Віка была загарэлая і пабегла да мора, як русалка, нырнула ў ваду. І нават Томак сам сабе адзначыў, што яна прыгожая.

Цяпер увесь час, заўсёды, яна была побач з ім. На сняданак яна сядзела за суседнім столікам і макала круасаны ў каву, бо Томак ніяк не мог устаць а сёмай і прачынаўся ў дзевяць. Сядзела за імі з мамай у аўтобусе, які вёз іх з пляжу, а вечарам піла чырвонае віно. І Томак не мог з-за гэтага спакойна размаўляць з мамай. Гэта ніяк не ўваходзіла ў яго планы. Страшна сказаць, але нават ноччу яна яму снілася. І гэта без перабольшванняў былі кашмары. Мама раптам ператваралася ў Віку і пачынала казытаць яго пад пахамі, а потым тонкім і крэпкім языком залазіла яму ў рот. А потым ён ужо і не памятае што. І прачынаўся ўвесь потны. І крычаў: "Маааама!".

Томак нават цяпер ведаў, што яму рабіць. Заставалася яшчэ цэлыя чатыры дні адпачынку, і яшчэ ўсё магчыма было паправіць. Ён падпільнаваў яе раніцай, калі Віка выходзіла са свайго нумару. Засунуў нагу ў дзвярны праём. Праціснуўся сам у пакой, замкнуў яго знутры, каб ніхто не паспеў пабачыць. І апантана, захлынаючыся сваёй салодкай слінай, душыў, забіваў дзяўчыну.

Нарэшце ўсё было скончана. Віка ляжала нерухомая каля прыбіральні і была ўсё яшчэ прыгожай.