Наста Манцэвіч. Мы крочылі побач...

Мы крочылі побач
рука ў руку
да пляча плячо
твар у твар
вочы ў вочы
ў рот рот.

Так мы ступалі, крочылі
нага ў нагу,

пакуль ты не збочыла.

І цяпер вока за вока,
цяпер — зуб за зуб.
Усё, што ты з сабою забрала,
я выскубу, адгрызу —
вярну сабе ўсё,
да сябе вярнуся…

Забяру сабе свае вочы,
з твару змыю твой твар,
адляплю ад вуснаў твае вусны,
вырву руку з рукі.

І калі сэрца сціснецца ад адчаю,
я буду шаптаць, як мантру,
што ты — родная,
баючыся паверыць,

што ты чужая.