Наста Манцэвіч. Мама, спі

Яна нават не ведае, як гэта здарылася, як так атрымалася. Часам ёй здавалася, што калі б яна адчула, што вось – яно навальваецца, вось – падкрадваецца, яна б змагла гэта спыніць, папярэдзіць. Але яна не ведае, калі гэта пачалося. Проста ў адзін момант так – бац! – і яна зразумела – усё. І ўсё, ты ўжо па вушы ў гэтым лайне і не ведаеш, як з яго выпаўзці, як вырвацца, і тонеш, тонеш, і вязнеш – усё глыбей і глыбей. Так яна прачнулася аднойчы ад жудаснага страху, ад адзіноты і зразумела, што яна не тут, не – не ў гэтым ложку, не ў гэтай кватэры, не ў гэтым горадзе. Не, яна не тут – яна сядзіць адна ў вялізнай цёмнай яме, і ёй страшна. Божухна, так страшна, што хоць ты крычы. І людзі так далёка, і ўсе гукі, усе галасы да яе далятаюць, быццам рэха, ледзь-ледзь можна пачуць, і ўсё нібыта ў тумане. А як так здарылася, яна не ведае, проста аднойчы прачнулася і зразумела, што яна не тут, а ў глыбачэзным калодзезі, халодным і страшным... Не звар’яцець. Не звар’яцець. Толькі не звар’яцець.

І тады яна пачала есці, цягнула ўсё, што траплялася пад руку. Толькі так, ёй здавалася, яна здолее выжыць. Не дасць смерці падкрасціся блізка і задушыць. Толькі калі будзе шмат есці – тады яна будзе моцнай і смерць не здолее яе закапаць у гэтым жудасным калодзезі. Яна не хацела паміраць, ёй так хацелася жыць, цяпер – як ніколі. І яна змагалася са смерцю – ела, ела, ела. Але гэта не дапамагала, яе цяжкое цела ўсё з большай моцай цягнула яе на дно, ёй не хапала паветра. Асабліва па начах, яна прачыналася і не магла дыхаць, хапала паветра ротам, нібы рыба. Хацелася закрычаць, пазваць на дапамогу, так, каб яе пачулі, каб прачнуліся суседзі. Я не хачу паміраць! Не звар’яцець.

Больш так не магу, не вытрываю – і яна пазваніла сыну – прыязджай, я захварэла, мне дрэнна. І ён прыехаў.

Ён быў тут, побач з ёй у кватэры, размаўляў, жартаваў, вадзіў яе ў лес, на возера, забаўляў як мог, купляў сокі і апельсіны. “Мама, – казаў, – ты ачуняеш, ты чуеш?” Але яна злавалася на яго, ведала, што ён не вінаваты, але ўсё адно злавалася. Я столькі разоў не спала з-за цябе начамі, думала яна, калі ты хварэў, я паіла цябе травамі, вызывала дактароў, вазіла па больніцах. Не спала, не спала, не спала! Ні на секунду не змыкала вачэй. А ты кожную ноч ідзеш у свой пакой і засынаеш, а я не магу, бо мне нават побач з табой страшна.

Яна не магла заснуць, варочалася, калацілася ад страху. У чатыры раніцы, так і не заснуўшы, уся змучаная ўставала і пачынала хадзіць па кватэры. А ён спаў крэпка там, у сваім пакоі. І яна злавалася. О Божа! – думала яна – я як маленькае дзіцяці. Яму са мной цяжка. Ёй хацелася плюнуць на ўсё, зайсці ў той пакой, залезці да яго пад коўдру. Урэшце, ён так часта рабіў гэта, калі быў маленькі.

Яна адчувала, што яшчэ адной такой ночы не вытрывае. І яна прыйшла да яго – сказала – там шумна, машыны, я не магу заснуць. А ён так і закалаціўся, адчуў, быццам бы яго закінулі ў мінулае, на трыццаць год назад, калі яму было сем. І ён ляжыць тут, побач з мамай, і яму сем. А там яму трыццаць сем, у яго дзеці – два сыны і дачка. І жонка. А тут яму сем і ён спіць побач з мамай, як раней, даўно, калі ён прыходзіў ноччу да іх з бацькам, кратаў маму за плячо і казаў – мама, мне страшна. І яна супакойвала яго – не бойся, сынку, хадзі да нас, усё харашо, гэта толькі сон. Ён забіраўся да іх пад коўдру, туліўся да мамы і засынаў.

А які ён быў тады, у сем – закатваў істэрыкі, як прыбягаў ноччу ў пакой да бацькоў і крычаў – ды зрабіце вы нарэшце цішэй тэлевізар! Я не магу заснуць! І яны баяліся яго, рабілі цішэй. Але ён накручваў сябе і ўжо не мог супакоіцца. Яму здавалася, што ён усё роўна чуе гэты чортавы тэлевізар! Ён варочаўся ў ложку, нерваваўся, ускокваў і зноў бег з крыкамі да бацькоў. І супакойваўся толькі тады, калі яны ўрэшце выключалі тэлевізар. А гэты храп… гэта было горай за ўсё, вось чаго ён сапраўды не мог трываць. Ён затыкаў вушы ватай, залазіў пад коўдру, накрываў галаву падушкай. Чаго толькі ні рабіў. І плакаў, плакаў, плакаў. Галасіў, заліваючыся слязьмі, таму што храп пранікаў пад коўдру, праходзіў праз падушкі, скрозь вату – у самыя вушы.

А цяпер яму трыццаць сем і ён ляжыць з мамай у адным ложку. Ляжыць і не можа заснуць, варочаецца, глядзіць на гадзіннік – ужо гадзіна, ужо дзве, ужо тры... А мама ціха ляжыць, яе не чуваць амаль што, толькі ўздыхае час ад часу, і ён ведае – не спіць. Гэтая цішыня давіць на вушы так, што немагчыма, хочацца ўстаць і заспяваць, сказаць – мама, глядзі як я ўмею, і станчыць што-небудзь, якую-небудзь польку. Толькі б не маўчаць, не ляжаць тут у гэтай страшэннай цішы. Шукаць паратунак. Мама, спі, мама, спі.

Ён чуе яе дыханне, прыслухоўваецца. Чуе, як яно становіцца цяжэйшым, як да яго прымешваюцца розныя гукі, спачатку ледзьве ўлоўныя, потым усё грамчэйшыя і грамчэйшыя. Мама заўсёды храпла, ён памятае, як закатваў з-за гэтага істэрыкі, як затыкаў вушы і плакаў, залазіў пад коўдру і нацягваў на галаву падушку. Тады яму было сем і ён не ведаў, што мамін храп азначае дзве рэчы – мама жывая, і мама спіць.