Наста Манцэвіч. Казка

Раскажу-ка я вам, рабяткі, казачку. Жылі-былі ў лесе тры мядзведзі – мама-мядзведзь, тата-мядзведзь і сынуля-медзведзяня Пабудавалі яны сабе ў лесе домік, там і жылі не тужылі. Спалі яны ў спаленцы, а кушалі на куханьцы. І ўсюды быў парадак у мядзведжай хатцы. Тата-мядзведзь спаў на сваім вялікім ложку, мама-мядзведзіха – на крыху меншым, а сынуля-медзведзяня– на маленькай канапцы. Кожны еў са сваёй талеркі, карыстаў уласную лыжку ды піў з уласнага кубка. Так і жылі, так і жылі...

Але здаралася і так, што прыходзіла да іх дзяўчынка Машанька. “Добры вечар у хату!” – казала Машанька і заставалася там гаспадарыць. Як калі бывала... але бывала, што і на тры гады.. Калі так, то лічылася, што гэта добра. Дзеля гэтага ўсяго, акрамя вялікага ложку, крыху меншага і канапкі, у спальні стаяў яшчэ адзін – самы вялікі ложак. І называўся ён – ЛОЖА. Было ў яго яшчэ адно імя, але яго амаль што ніхто не ўжываў – “эстафетная палачка” – таму што яно было крыўднае. А ўсё чаму? Бо Машанька прыходзіла гаспадарыць не да ўсіх адразу, а да якога-небудзь аднаго канкрэтнага чалавека. То бок, то мог быць тата-мядзведзь, альбо мама-мядзведзіха. Ну... і зрэдку, але бывала, што і сынулю-медзведзянятку перападала. Але не да ўсіх адразу. Не. І вось, да каго яна прыходзіла, той і дзяліў з ёй ЛОЖА.

Бывала, сядзяць мядзведзі доўгім зімовым вечарам каля тэлевізара, і сынуля-мядзведзік пытаецца – “Мама-мама, а чаму да нас заўжды прыходзіць толькі адна Машанька? Як бы было добра, каб у кожнага з нас было па Машаньцы! У таты – вялікая Маша, у цябе – крыху меншая, і ў мяне – свая, маленькая Машанька...” І тады мама-мядзведзіха цяжка ўздыхала і адказвала – “Разумееш, сынку, тут у нашым лесе, у гэтым засраным зарасніку жыве толькі адна Машанька. Таму даводзіцца дзяліцца з усімі...”

Вось такая вось, рабяткі, гісторыя. І ўсё-та я ў ёй разумею... Але ж мы, блядзь, не ў лесе!