Наста Манцэвіч. Пазл

Ехала сёння ў набітым людзьмі тралейбусе ў цырульню. Я стаяла, а перада мной сядзела дзяўчынка і піла гарбатку з пластмасавай шкляначкі. Раптам дзяўчынка шырока адкрыла рот і блеванула ў шкляначку з гарбаткай на дне. Мне стала брыдка, і я адвярнулася. Дзяўчынка плакала... мама выцірала ёй рот і спрабавала супакоіць, а я не чула словаў, бо слухала плэер. На прыпынку яны пачалі выходзіць. Я забаялася, што зараз яна блеване на маю куртку, таму хутчэй прашмыгнула і села туды, адкуль толькі што яна ўстала. Тут мне стала брыдка ад таго, што сяджу цяпер на тым самым месцы... Я падняла галаву і ўбачыла перад сабой мужыка з адным вокам. Чорная дзірка ўглядалася ў мяне. І раптам усё стала па сваіх месцах. Склаўся пазл, расклаўся пасьянс. І я адчула, што ўсё харашо.