Наста Манцэвіч. Дождж

Мой сябра дзяцінства, з якім мы гулялі ў футбол у маёй вілейскай кватэры, дзе варотамі былі з аднаго боку дзверы пакою, а з другога – ножкі ад цымбалаў; з якім мы складалі графік нашых сустрэч, і я прыходзіла да яго кожны чацвер, а ён да мяне кожны аўторак, таму што ў гэтыя дні нам не трэба было ў музычную; з якім мы разам прыдумлялі яшчэ шмат чаго цікавага, і які потым хаваў мяне ў шафе ад сваіх аднакласнікаў, калі тыя прыходзілі да яго, бо хто ж захоча, каб яго дражнілі – цілі-цілі-цеста наста+вадзім – жаніх і нявеста. Ён паказваў ім маю куртку і казаў: “Прыкольную куртку мы купілі маёй сястры?” А я сядзела ў шафе, і мне было зусім не крыўдна, бо я разумела, што так і трэба, і думала, што клёва гэта ён прыдумаў сказаць так пра куртку. Дык вось гэты мой сябра дзяцінства запісаўся ў духавы аркестр, і ён мне потым расказваў, што цяпер яму вельмі падабаецца слухаць розную музыку, што цяпер ён чуе яе зусім па-іншаму. Раней яна была для яго адным цэлым, а зараз ён ведае – вось гэта першая партыя, а гэта – другая, а там яшчэ і яшчэ, яны наслойваюцца адна на другую, але ў той жа час ён чуе асобна кожную з іх. Адначасова – дзясяткі мýзык!

Учора я легла спаць, а потым прачнулася ад дажджу. Пайшла, зачыніла вокны, легла ізноў і раптам адчула штосьці такое дзіўнае. Гэта быў незвычайны дождж. Я выразна чула, як ён шуміць у паветры, так шшшшш... як смажацца яйкі на патэльні. А калі кроплі разбіваюцца аб асфальт, то здаецца, што хтосьці стаіць пад вокнамі і лопае гэтыя пупырышкі з паветрам на пакеціках. І яшчэ дзясяткі розных гукаў, розных дажджоў: у паветры, па стрэхах, па лужынах, падваконнях, і дзесьці там высока-высока, калі вада яшчэ толькі аддзяляецца ад хмараў, і тут на зямлі – цячэ маленькімі ручайкамі. І быццам бы ў цябе дзесяць вушэй, кожнае з каторых чуе асобны гук і чуе яго асобна. Яны не пераплятаюцца ў адзін вялікі дождж. Адначасова – дзясяткі дажджоў! І быццам бы ты калісьці даўным-даўно быў дажджом і ведаеш, як гэта робіцца.