Вальжына Морт. Для А.Б.

нават цяжка паверыць, што мы былі яшчэ маладзейшыя
чым цяпер
што нашая скура была такая тонкая
што вены блакітнелі праз яе
як лінеечка ў школьных сшытках
што сусьвет быў простым дваровым сабакам
і кожны раз сустракаў нас ля дому пасьля ўрокаў
і мы ўсё хацелі забраць яго да сябе
а потым яго забраў нехта іншы –
даў імя і вучыў камандзе «чужы»
на нас

і таму мы прачынаемся па начах
і запальваем сьвечкі тэлевізараў
і ў іх цёплым полымі пазнаем
твары і гарады
і сьмелыя зранку зьвяргаем яечню з патэльні…

а наш сабака вырас на чужым павадку
а нашыя маці раптам перасталі спаць з мужчынамі
і гледзячы на іх сёньня
усё лягчэй паверыць у нявіннае зачацьце

а зараз уяві сабе:
дзесьці ёсьць гарады
з каменнымі белымі дамамі
раскіданымі ўздоўж берагу акіяну
як яйкі гіганцкіх марскіх птушак
і ў кожным доме – легенда пра капітана
і кожная пачынаецца так:
«Малады і прыгожы…»