Вальжына Морт. У позе пытальніка

у якіх пакутах нас нараджае нашая маладосьць
з якімі крыкамі мы выпрастоўваемся з позы пытальніка
у позу клічніка
левая губа польшчы і правая губа расеі рассоўваюцца
і нашыя галовы зьяўляюцца зь ...
чаго?
ужо склалі шаснаццаць назваў для сьнегу
час скласьці шаснаццаць назваў для цемры.

у позе пытальніка -
усім сваім целам мы ставім сябе пад пытаньне
замацаванае кропляй мачы.
гэта мы? насамрэч? ставім сябе пад пытаньне?
ці маладосць у сваім чэраве носіць
скамканы пляжны рушнік.

так марудна працавалі
тупыя ножніцы акушэркі
што з часам ператварыліся
ў ярка-начышчаныя вуліцы
на шарнірах ваеннага абяліску.
трактарны завод пачаў вырабляць бігудзі
і кожную нядзелю прысылаў для маці
падарункавы кошык.
яе галаву ў бігудзях
як ідэальную рэканструкцыю сонечнай сістэмы
фатаграфавалі для альбомаў і календароў.
прынцып захопу бігудзямі валасоў
лёг у аснову нацыянальнага камбайнабудаўніцтва -
стаў маёй першай метафарай
якую я паўтарала і паўтарала з пенай у рота
быццам праглынула цэлае лебядзінае возера.

маё цела не належала мне:
скурчанае ад болю
яно рабіла кар’еру пытальніка ў карпарацыі мовы.

бюракратыя цела загнала мяне ў кут:
галава не хоча думаць, кажа -
няхай вочы глядзяць
вочы ня хочуць глядзець, кажуць
няхай вушы слухаюць
вушы ня хочуць слухаць, кажуць -
няхай нос нюхае
нос ня хоча нюхаць, кажа -
няхай рукі мацаюць
і рукі мацаюць
цела што квітнее ліпавым цьветам болю.

дзе ж мае пчолы? чаму не ляцяць на салодкі пах?