Серж Мінскевіч. Балёнік і поўнік

Хацеў Балён надзьмуты зь лішкам
Адведаць Поўніка, хоць крышку.
Узяў відэлец, нож і лыжку.

Навошта лыжка?
Мо Поўнік поўны джэму гляк?
Навошта нож?
Мо Поўнік кілбасы кругляк?
Нашто відэлец?
Мо Поўнік – сырны скрыль шырокі?

Ляцеў Балёнік за аблокі,
Дый Поўніка ён не дастаў,
Схуднеў, спусціўся і сказаў:

“Насамрэч Поўнік на праверку –
Пустая плоская талерка!”