Фрэнк Баўм. Чараўнік краіны ОЗ

Частка 5. Як Даротка Жалезнага Дрывасека ратавала


Калі Даротка прачнулася, сонца ўжо на ўсю свяцяла скрозь лісце дрэваў, а Татосік ужо даўно ганяўся за птушкамі й вавёркамі, што лёталі і бегалі вакол яго. Даротка ўзнялася і агледзелася. Страшыдла ўсё цярпліва чакаў у куце, пакуль яна прачнецца.

– Хадзем, пашукаем вады, – сказала яна яму.
– Навошта табе вада? – спытаў ён.
– Каб умыцца пасля пыльнай дарогі і папіць, бо нішчымны хлеб не пралезе мне ў глотку.
– Так нязручна, відаць, быць зробленым з плоці, – задуменна сказаў Страшыдла. – Трэба спаць, есці, піць. Аднак, у цябе ёсць мазгі – дзеля таго, каб думаць разумна, я пагадзіўся б перанесці і не такія турботы.

Яны выйшлі з хаткі і блукалі па лесе, пакуль не знайшлі маленькі ручаёк з празрыстай вадой. Даротка ўдосталь напілася, умылася і надумала пад’есці. Хлеба ў кошыку засталося зусім няшмат, і Даротка парадавалася, што Страшыдла нічога не есць. Бо ёй з Татосікам гэтага было яшчэ на адзін раз.

Паснедаўшы, яны ўжо збіраліся рушыць ізноў па жоўтай дарозе, калі раптам адкульсьці непадалёк да іх данесся жудасны стогн.

– Што гэта? – пужліва спытала яна.
– Не ведаю, – адказаў Страшыдла. – Хадзем, паглядзім.

Тут стогн паўтарыўся – аднекуль адзаду. Яны пайшлі на гук, і хутка Даротка заўважыла, што між дрэваў нешта блішчыць. Яна пабегла туды, але нечакана спынілася, вохнуўшы ад здзіўлення.

Перад імі высілася вялікае недасечанае дрэва. А побач з занесенай над галавой сякерай стаяў жалезны чалавек. У яго была жалезная галава, жалезныя рукі і ногі, жалезнае цела і жалезныя сушчэпы. Але ён стаяў нерухома, нібы скамянелы.

Страшыдла з Дароткай, дужа здзіўленыя, глядзелі на яго, а Татосік зацята брахаў і нават паспрабаваў укусіць яго за жалезную лытку, але толькі зубы пабіў.

– Гэта вы стагналі? – спытала Даротка.
– Я-а-а, – адказаў жалезны чалавек. – Я-а ста-агна-аў. Я-а ста-агну-у ту-ут у-ужо-о бо-ольш за-а го-од, а-але-э ні-ыхто-о ня-а чу-уў мя-ане-э й не-э пры-ыйшо-оў на-а да-апа-амо-огу-у.

– Як вам дапамагчы? – пацікавілася дзяўчынка, кранутая гаротным голасам жалезнага чалавека.

– Пры-ыня-асі-ыце-э мне-э бля-аша-анку-у алі-ывы-ы і-ы зма-ажце-э ма-ае-э су-ушчэ-эпы-ы, – адказаў ён. – Я-аны-ы та-ак за-аржа-аве-елі-ы, што-о я-а зу-усі-ым не-э ма-агу-у па-ава-ару-ушы-ыцца-а. А-але-э ка-алі-ы вы-ы я-ак сле-эд мя-ане-э зма-ажы-ыце-э, я-а зно-оў бу-уду-у ў па-ара-адку-у. Бля-аша-анка-а ста-аі-ыць на-а па-алі-ычцы-ы ў ма-аё-ой ха-атцы-ы.

Даротка тут жа пабегла назад да хаткі, знайшла аліўніцу і хуценька вярнулася.

– Дзе вас змазаць? – спытала яна.
– Спа-ача-атку-у скі-ыві-ыцы-ы, – адказаў Жалезны Дрывасек. Даротка змазала яму сківіцы, і цяпер ён мог выразна гаварыць.
– А зараз давай шыю, – сказаў Жалезны Дрывасек.

І яна змазала яму шыю. Але тая так заіржавела, што Страшыдлу давялося абхапіць жалезную галаву дрывасека й акуратна пакруціць туды-сюды, каб распрацаваць сушчэп – і вось жалезны чалавек ужо мог круціць галавой сам.

– А цяпер – рукі, – сказаў ён. Даротка змазала сушчэпы на руках, і Страшыдла прыняўся згінаць-разгінаць іх – і хутка, пазбаўленыя іржы, тыя гнуліся, як новенькія.

Жалезны Дрывасек уздыхнуў з палёгкай і, апусціўшы сякеру, прыставіў яе да дрэва.

– Вой, як хораша! – сказаў дрывасек. – Я так доўга трымаў гэтую сякеру – ад самага таго часу, як заржавеў. Як жа я рады, што магу яе ўрэшце апусціць. А калі вы праалееце мне яшчэ і ногі – я буду ў поўным парадку, як калісьці раней.

Нашыя сябры змазалі яму ногі, і ў хуткім часе ён ужо мог свабодна рухацца. Ён яшчэ раз падзякаваў ім за дапамогу, і ўвогуле аказаўся надзвычай ветлівым і шляхетным стварэннем.

– Каб вы не праходзілі побач, – працягваў ён, – я б стаяў тут яшчэ цэлую вечнасць. Вы мне напраўду выратавалі жыццё. Што вас сюды завяло?
– Мы ідзем у Горад Смарагдаў да Вялікага Оза, – адказала Даротка. – І мы спыніліся на ноч у вашай хатцы.
– А нашто вам Вялікі Оз? – спытаў дрывасек.
– Я хачу, каб ён дапамог мне вярнуцца ў Канзас, а Страшыдла – каб Оз даў яму трохі мазгоў, – адказала дзяўчынка.

Жалезны Дрывасек задумаўся на хвіліну, а потым сказаў:

– Як думаеце, ці можа Оз даць мне сэрца?
– Думаю, можа, – адказала Даротка. – Гэта не цяжэй, чым даць Страшыдлу мазгі.
– І праўда, – адказаў Жалезны Дрывасек. – Калі дазволеце далучыцца да вас, я таксама пайду з вамі у Горад Смарагдаў, і папрашу Оза мне дапамагчы.
– Далучайся, – з ахвотай адказаў Страшыдла, а Даротка дадала, што яна будзе толькі радая ягонай кампаніі.

Жалезны Дрывасек закінуў сякеру на плячо і яны ўсе разам рушылі далей праз лес у бок жоўтай брукаванай дарогі.

Жалезны Дрывасек папрасіў Даротку пакласці аліўніцу да сябе ў кошык, патлумачыўшы:

– Яна мне вельмі прыдасцца, у выпадку, калі я зноў патраплю пад дождж і заржавею.
Нашым падарожнікам дужа пашанцавала з новым сябрам, бо неўзабаве на іхным шляху паўстала непралазная сцяна са сплеценых галінаў дрэў і хмызняку. Жалезны Дрывасек зараз жа ўзяўся за справу. Ён так добра працаваў сякерай, што праз хвіліну ў сцяне заззяў даволі шырокі лаз, і нашыя сябры свабодна прайшлі наперад.
Даротка так паглыбілася ў развагі, што нават не заўважыла, як Страшыдла ступіў у выбаіну і расцягнуўся ўздоўжкі на бруку. Сам ён падняцца не мог, таму вымушаны быў паклікаць на дапамогу дзяўчынку.

– А чаму ты не абыходзіш выбаіны? – спытаў Жалезны Дрывасек.
– Каб я ведаў, як! – з усмешкай адказаў Страшыдла. – Бачыш, мая галава напханая саломай – менавіта таму я і іду да Оза, папрасіць у яго трохі мазгоў.
– Ну тады зразумела, – адказаў Жалезны Дрывасек. – Але ж у жыцці ёсць рэчы і паважнейшыя за мазгі.

– А ў цябе мазгі ёсць? – пацікавіўся Страшыдла.
– Не, мая галава пустая, як бляшанка, – адказаў Дрывасек. – Але калісьці ў мяне былі мазгі і было сэрца. Таму, ведаючы, што гэта такое, я б усё ж больш прагнуў мець сэрца.
– А чаму так? – спытаў Страшыдла.
– Я раскажу вам сваю гісторыю, і тады ты ўсё зразумееш.

І вось што Жалезны Дрывасек апавядаў ім, пакуль яны ішлі праз лес:

– Мой бацька быў дрывасекам. Ён жыў з таго, што сек у лесе дровы. Калі я падрос, я таксама стаў сячы дрэвы. Пасля смерці бацькі, я даглядаў старую маці, пакуль і яна не памерла. Застаўшыся адзін, я падумаў, што мне трэба ажаніцца, каб не было так самотна жыць.

– У вёсцы непадалёк жыла адна дзяўчына з карапузлікаў. Яна была вельмі прыгожая, і я закахаўся ў яе амаль з першага вока. Яна ж паабяцала, што пабярэцца са мной, як толькі я зараблю даволі грошай, каб збудаваць нам новы і лепшы дом. І я ўзяўся за працу ўдвая шчырэй. Але дзяўчына гэтая жыла разам са старой кабетай, якая не хацела ні за кога яе выдаваць, бо сама быж.пла дужа лянівая і хацела, каб дзяўчына ёй ва ўсім слугавала. Дазнаўшыся пра ўсё, старая пайшла да Лахудры і паабяцала ёй дзьвюх авечак і карову за тое, каб яна разладзіла вяселле. Вядзьмарка пагадзілася і зачаравала маю сякеру. І калі наступным днём я зацята сек дрэвы, шчыруючы дзеля нашага будучага дабрабыту, сякера знянацку выслізнула ў мяне з рук і адсекла мне левую нагу.

– Вядома, спачатку я затужыў, бо які ж цяпер з мяне аднаногага дрывасек!? Але я пайшоў да каваля, каб той выкаваў мне новую нагу з жалеза. І я зноў быў у форму, а новая нага была як сапраўдная. Гэта вельмі раззлавала Лахудру, бо яна паабяцала старой зрабіць усё, каб я не пабраўся з прыгожай дзяўчынай. І калі я зноў узяўся за працу, сякера зноў выслізнула і адсекла мне другую нагу. Я пайшоў да каваля ў другі раз, і ён зрабіў мне новую зялезную нагу. Потым зачараваная сякера адсекла мне адну руку, за ёй – другую, але мне ўсё было дарма, бо каваль зрабіў мне жалезныя наўзамен. Злая вядзьмарка ўсё не сунімалася – і сякера адсекла мне галаву. Тут я ўжо быў падумаў, што мне капцы, але на маю шчасце побач праходзіў каваль, убачыў мяне і выкаваў мне новую галаву, таксама з жалеза.

– Я ўжо быў падумаў, што перамог злую, і ўзяўся за працу яшчэ шчырэй. Але я недаацаніў свайго ворага. Яна ламала галаву над тым, як бы забіць маё каханне да прыгожай дзяўчыны-карапузліка, і зрабіла так, што сякера зноў выслізнула ў мяне з рук і рассекла маё цела роўна напалам. Каваль ізноў выратаваў мяне, змайстраваўшы жалезнае цела і сушчэпы, каб прымацаваць да яго рукі, ногі і галаву. І вось я зноў мог рухацца, як і раней. Але ж авохці мне! Цяпер у мяне не было сэрца, і я больш не адчуваў ні кроплі кахання да прыгожай дзяўчыны. Мне ўвогуле цяпер было абыякава пабярэмся мы ці не. Мяркую, яна ўсё так і жыве з гэтай старой кабецінай ў чаканні, што я вызвалю яе з гэтага палону.

– Я вельмі ганарыўся сваім адпаліраваным бліскучым целам. І цяпер ніякая сякер была мне не страшная. Адзінае, чаго я баяўся – іржы. На ўсякі выпадак дома ў мяне была аліўніца, і я рэгулярна змазваў усе сушчэпы. Але варта было аднойчы забыцца, і я трапіў пад дождж. Пакуль я сцяміў, якая небяспека мне пагражае, мае сушчэпы заржавелі і я ўжо не мог паварушыцца. Так я і стаяў на тым самым месцы пад дрэвам, пакуль вы не выратавалі мяне. Гэта былі сапраўдныя пакуты. За год, што я прастаяў нерухома, у мяне было багата часу аб усім падумаць. І я зразумеў, што больш за ўсё шкадую, што страціў сэрца. Калі я кахаў – я быў найшчаслівейшым чалавекам на свеце! Але немагчыма кахаць, калі ў цябе няма сэрца. Таму я і пайшоў з вамі. Калі Оз споўніць маё жаданне, я вярнуся да каханай і прапаную ёй сваю руку і, вядома ж, сэрца.

Даротка са Страшыдлам з цікаўнасцю слухалі аповед Жалезнага Дрывасека. Цяпер яны разумелі, чаму ён так хацеў займець сабе сэрца.

– Але я ўсё адно папрашу мазгоў, – сказаў Страшыдла. – Бо дурню не зразумець, што рсушчэпабіць з сэрцам, нават калі яно ў яго ёсць.
– А я папрашу сэрца, – адказаў Жалезны Дрывасек. – Бо мазгі не зробяць мяне шчаслівым, а шчасце – гэта адзінае, што трэба ў жыцці.

Збітая з панталыку, Даротка нічога не магла на гэта адказаць. Яна не ведала, на чыім баку праўда. І спынілася ўрэшце на тым, што, калі яна вернецца ў Канзас да цёткі Эмы, па вялікім рахунку ёй будзе ўсё адно, атрымаюць Страшыдла й Жалезны Дрывасек свае мазгі і сэрца ці не.

Адзінае, што яе непакоіла – хлеба ў кошыку ёй з Татосікам засталося толькі на адзін раз. Добра хоць Страшыдла з Жалезным Дрывасекам нічога не елі – але ж яна не жалезная й не саламяная, і бяз ежы доўга не пратрымаецца.