Кацярыная Масэ. Алатыр

пустазвоньнем званоў мы глушылі зарэберны плач,
выразалі тупым языком сарцавіны малітваў.
ліхалетняе сонца адорвала плыньню нястач
наш патухлы ачаг, пахаваны ў куродыме бітваў.
мы шматкроць гандлявалі у храмах уласнай душой,
ды ніхто не купляў – надта дорага, кажуць, каштуе.
на судзе у багоў нашы сэрцы стаяць галышом,
толькі душ чысьціня болей нас ад сябе не ўратуе.
не згінайма калень у паклоне чужым абразам!
алатыр шчэ блішчыць запаветнай зямлёю на шыі.
хай ягоны цяжар прывядзе нас туды, дзе дух сам
здабывае сябе і ачаг аніколі ня стыне.