Кацярына Масэ. Ключы

колькі не расчэсваю пасмы пуцявін,
ў галаве вятры блытаюць сьляды.
між сабой і мной – чыйсьці успамін.
ад пустога келіха – кропля да вады.

вырву слова з коранем з глоткі цішыні.
ад «не гавары» – слова да «скажу».
ад мяне да нас – ты. не праміні
між любо́й і лю́баю тонкую мяжу.

розум непрыкаяны на сямі вятрах
будзе ў ступе слоў ісьціну таўчы.
між дзьвярмі й ключом – толькі слова «страх».
адзьвіняць званы – зазьвіняць ключы.