Марыя Мартысевіч. Трымацца

Тэлефанаванні ў вёску –
як сувязь з лініяй фронту.
– Бабуля, ты як там?

– Трымаюся!
Мінус пятнаццаць,
усё завеяла,
хаджу з кавенькаю,
каб не ўпасці, –
трымаюся!

– Трымайся!

– Плюс трыццаць пяць,
сяджу ў цяньку,
не выходжу апоўдні,
каб не самлець, –
трымаюся!

– Трымайся!

– Артрыт замучыў,
радыкуліт наступае з флангаў,
ціск скоча,
вены здрадзілі...

– Будзем на выходных,
падвязём мазі,
Трымайся!

– Трымаюся...


... Яна кладзе слухаўку і выходзіць на поле,
бо “як гэта можна, каб нашыя – ды сядзелі?”
Ейная старасць прывязвае да плоту хвасолі –
пры дзеле.