Кшыштаф Каміль Бачыньскі. Галавою на карабіне (пер. К. Маціеўская)

Я ў начной адчуваю стыні,
як мацней сціскаецца кола...
А мяне ж разьбавалі плыні,
зыбка хмар люляла над долам.

Гэта мне нястрымныя воды
на сваіх ланжэронах неслі
бузіну; навальнічны подых
быў усмешкай мне з паднябесся.

Страшны свіст чую вечна побач —
кола востра пад горла коле...
Як і ўсім, зямля не пустэльняй
мне была, а ўрадлівым полем.

Пакідаючы дымны водар,
маладосць раставала шлейфам —
лютым сынам свайго народа
я на краі смерці сталею.

Як нажом, яшчэ да змяркання
мне святло перарэжа колам —
і разьбу я прасплю сляпую,
карабін падклаўшы пад голаў.

Папалам вастрыём расцяты,
у крыклівым падзеяў гудзе
кіну я галаву — гранатай,
час расцісне мне лапай грудзі,

бо жыццё напаўняла страхам,
а адвагаю — блізкасць згубы;
лёс твой — смерць, калі веліч справаў
неразумнай любоўю любіш.

4 снежня 1943

Пераклад з польскай