Юджын Лі-Гамільтан. Чатырнаццаты з “Уяўленых санетаў” (пер. К. Маціеўская)

14

Жак дэ Малэ — мёртвым тампліерам
(1314)

Прыйдзі, мой брат, і нас абарані.
З магіл сваіх паўстаньце, тампліеры,
Каб ценяў шыхт гусцеў, як морак шэры, —
Шыхт рыцараў у прывіднай брані.

Спяшайце, як у Аскалону дні;
Няхай імчаць фантомныя галеры
З Радосу й Тыру, хай не будзе меры
Флатыліям, як іскрам у агні.

Калі не збавяць мёртвыя жывых,
Не прычакаць ад неба дапамогі
Адрынутым і Богам, і людзьмі.

Агонь усё бліжэй, і ў гэты міг
Язык чырвоны ліжа нашы ногі...
О тампліер! Паўстань і меч вазьмі!