Роберт Бэрнс. Вошы, убачанай у царкве на капялюшыку адной лэдзі (пер. К. Маціеўская)

Куды?! Вачам, паэт, не вер:
Да мілай лэдзі на каўнер
Гнюсота лезе... Вось дык звер —
Даруй мне, Божа!
Але нахабнасці надмер
Не дапаможа.

Табе не будзе тут пажывы,
Шуруй адсюль, вусяк паршывы,
Кім пагарджаюць справядліва
Святы і грэшнік, —
Хай чухае жабрак вашывы
Сабе лабешнік.

Бяры свой клан, шыбуй на волю —
Да пабірахаў і да голі,
Бадзяйцеся сабе ў раздоллі,
Як каралі.
Там грэбень не кране ніколі
Твае палі.

Паўзі, паўзі з маіх вачэй
У сховы сукні найхутчэй!
Калі б твой подлы род яшчэ
У складках церся...
Дык не — ты ўселася ямчэй
На самым версе!

Шкада, не ўзяў з сабой атруты,
Бо заслужыла парашку ты.
Тады пазбыўся б я пакуты,
Забыў пра гора,
А ты б канец сустрэла люты —
І лапкі ўгору.

І ладна села б ты на бардзе,
Палезла ў чэпчык у пагардзе,
Зашылася ў які кашмар дзе
І залягла...
Але палезці на “лунардзі”...
Як ты магла?!

Не чуе погань — скок ды скок...
Ох, Джэні, адышла б ты ўбок.
У кут, у цень густы і змрок
Хавайся спорней,
Бо трапішся на язычок
Шаноўнай зборні.

Каб збоку ўбачыць мы маглі,
Кім ёсць мы, чары б уцяклі,
Пыхлівасці на ўсёй зямлі
Пазбыўся б кожны,
І мы б раптоўна зажылі
Амаль пабожна.

Пераклад са скотса