Ананім. Канец “Крумкача” (пер. К. Маціеўская)

Напісана катом Эдгара По

Неяк змрочным часам ночы млява я расплюшчыў вочы:
Хтось гаспадару прарочыў ці то трэмар, ці то мор.
По ад жаху ледзь не плакаў — ці то граку нешта вякаў,
Ці то з крумкачом балакаў — нэвэрмор ды нэвэрмор...
“З крумкачом?” — мільгнула думка й тут жа вочы я прадзёр —
Слаўны будзе сёння жор!

І папоўз я па падлозе ў паляўнічай асцярозе,
Прамінуўшы па дарозе поўны хламу калідор.
Покуль крук спяваў балады на патыліцы Палады,
Да яго нячутна ззаду чорны кот падпоўз… замёр…
“Ну чакай, — я думаў, — змрочны, злосны дух начных пячор, —
Зараз будзе нэвэрмор!”

А тым часам крук пануры, сеўшы слупам на скульптуры,
Бы спраўляючы хаўтуры, свой кудахтаў прыгавор.
По дурную тую птушку ўсё распытваў пра мянушку,
Ну а ваш пакорны служка на відзежу даўніх пор
Скокнуў, разадраў і злопаў — ах, бясслаўны нэвэрмор!
Танчы, По! Крумкач памёр!

— Коцік, — крыкнуў По, — я розум ледзь не страціў, а цвярозым
Не паверыў бы пагрозам!.. — і захроп між смецця гор.
Паглядзеў я на Паладу… Эдгар будзе клікаць гадам…
А магчыма, будзе рады — ты ж Афіна, не Лінор…
Ну і гахнуў аб падлогу гнюсны бюст… бывай, дэкор!
Тут і казцы нэвэрмор.

Пераклад з ангельскай