Уладзь Лянкевіч. Свіцязь

паі-ці-ці паі-ці-ці паі-ці-ці
аднекуль з гарадскога дна
даплывае гук да вушных ракавін
пралупляю тое, што пад бровамі, прыслухоўваюся

памагі-іце памагі-іце памагі-іце
а, гэта даўно знаёмы лямант бабулькі
што жыве на паверх глыбей
я быў павёўся аднойчы, турбаваў міліцыю
зблыталі дом спачатку – быў надпіс трохі змыты
дабраліся нарэшце, стаім пад дзвярыма
я, мянты, суседзі мятыя

адтуль памагі-іце памагі-іце
кажуць: не будзем ламаць,
ты што, не знаеш? гэта старая русалка
яна калісьці лямантам у вір хлапцоў вабіла
накаціла, відаць, настальгія

штодзень між дамоў у выкапанай ім жа яміне
бялявы сабака нявыспаны, праходжу міма
адным вокам лыпае, па спіне ляпаю
а ён лісце аблізвае, усё пільнуе гаспадара
што паехаў у тагасветнае плаванне

перада мной пара свежых гараджанаў
выбраліся на шпацыр, ад іх пахне прынятым душам
рабізна і плёскат аўтамабіляў

тут па жыцці кажуць адно аднаму: не хвалюйся
і любяць на арэлях гойдацца
баяцца падводных камянёў
тэлефонная сетка то ловіць, а то не ловіць
з цела ў цела перапаўзаюць земнаводныя
тут у думкі занураюцца
а калі што якое, то лепей часова залегчы на дно
але ніякія меры, пажарныя сажалкі ды фантаны,
не гарантуюць, што не сядзеш на мель ці на кручок
а дзеці – дзеці гуляюцца ў пяску і лужынах

гэты горад падняўся на паверхню
занадта хутка занадта хутка
у насельнікаў – кесонная хвароба

адсюль сышло мора, пакінуўшы соль на асфальтах