Уладзь Лянкевіч. Плач у сэрцы маім...

плач у сэрцы маім
знаёмыя словы круцяцца пад нагамі, як маленькі сабачка, што хоча пагуляцца
здаецца, што ў гэтым свеце рухаюцца толькі мошкі, а ўсё астатняе застыгла ў чаканні

я спрабую заглушыць цішыню, уключаючы музыку гучней і гучней
безвынікова
тады я спрабую змагацца з цішынёй часам і хуткасцю
я уключаю спачатку павольныя песні, потым хутчэйшыя і яшчэ хутчэй
яшчэ хутчэй

а цішыня – больш шчыльная, больш працяглая
яшчэ пусцейшая

каб прыцішыць яе – мыю валасы, а потым доўга расчэсваю іх, мокры
марна

каб заглушыць цішыню, я разглядаю мапу ваколіцаў горада, дзе цяпер жыву
каб заглушыць цішыню, я спрабаваў напівацца, а потым наядаўся шакаладу
я спрабаваў заляпіць цішыні рот, вывучаючы іншыя мовы
я спрабаваў заторкнуць ёй рот, уключыўшы ўсё святло ў кватэры, нібыта я не адзін тут маўляў, можа, пойдзеш прагуляешся, ты ж бачыш, я не адзін (не павялася, халера)

я спрабаваў вырваць ёй язык – удалося, але яна, трасца, як пачала мычаць
давялося прышыць назад
я адціскаўся і разглядаў крошкі, маленькія нітачкі, часцінкі паперак і валасінкі, драбязу
якая вырастае на дыване, калі доўга не прыбірацца
я пстрыкаў асадкай, покуль тая не зламалася
я перамалёўваў абрысы краіны з мапы на прасвет, праз шкло, як у дзяцінстве
я расчыняў вокны і спадзяваўся, што скразняк прыглушыць цішу, але прахалода заходзіла і бралася падпяваць, падвываць, падтакваць цішыні
тады я зачыняў вокны, замыкаў дзверы і накручваў батарэю так, што цяпло перарастала
ў спёку

вось яно
гук паведамлення з далёкага места прымусіў яе змоўкнуць
гэта ты – на хвіліну ці дзве
і цяпер, калі цішыня вярнулася, у ёй адчуваецца твой прысмак