Уладзь Лянкевіч. Пасля зімы зямля адказвае на мае па ёй крокі...

пасля зімы зямля адказвае на мае па ёй крокі
прыемная воку гразь у цэнтры ідучы вагаюся
пускаю глянцавай вокладкай кніжкі зайчыка
гэта дражніць птушак раздражняе кіроўцаў

тут неабходнае тлумачэнне:
Раз на месяц я шпацырую, каб праверыць, у якім цяпер горадзе жыву,
пра зменлівасць гэтага месца ходзяць паданні, і я мушу ўлагоджваць духа,
бо ведаю: гэта не казкі, а чыстая, як вада, якую п'е суседскі кот, праўда.

І калі яго не ўшаную, ён пакарае мяне, зменлівы дух, як пакараў тых пенсіянераў,
што бадзяюцца і не помняць адрасу, нібы ў чужым лесе. Паняцце візуальная памяць
ператвараецца ў чыстай вады, якую п'е суседскі кот, бязглуздзіцу.

Ён перастаўляе дамы, чаргуе правы і левы бок руху на вуліцах,
учора тут былі ліпы, цяпер клёны, я даўно не спрабую запомніць
нумар кватэры й пад'езду, я паслядоўнік аўтаматызму.
З ім не памылішся, калі дух не пажадае зблытаць.

Каб тут арыентавацца, трэба сачыць за нязначнымі рэчамі:
вышчарблены бардзюр, кучка смецця, донца разбітай бутэлькі,
пах парфумы сярэдзіны мінулага веку, усё правільна –
на гэтым павароце пачынаюць мерзнуць пальцы ног,
значыць блізка. Так дабіраюцца дадому.

На галаву пры ўваходзе падае снег,
суседскі кот лізнуў, кажа: хлусня – гэта чыстай вады, якую я п’ю, тварог.

Раз на месяц я мушу ўлагодзіць яго, каб вяртацца.
Так нараджаецца новы абрад, вось яно, трасца,
народнае паганства ў дзеянні, у маім дзеянні.

насцярожана дзверы зачыняюцца

у аўтобусе заўважаю яшчэ такіх жа сярод іх паляўнічыя
хочуць спаймаць духа схапіць за поўсць выдраць жмут

неадступны прыпынак [падставіць назву]

ушаноўваць духа можна толькі самому
ніякіх згуртаванняў кампаній таварыстваў груп
толькі ты і бург

аплаквайце за праезд

паляўнічыя хочуць загнаць духа на скрыжаванне
і не здагадваюцца што ён і так жыве на рагу
а каб паказаўся трэба залезці на ліхтар і пацерці лямпу
нехта гэта зрабіў да мяне таму не ведаю каму ён цяпер служыць