Уладзь Лянкевіч. Незнарок стаўшы мне на нагу дзяўчына...

незнарок стаўшы мне на нагу дзяўчына
якая прыносіла каву просіць мяне ўзаемна
ёй наступіць – наступаю. усіх рассмяшылі
кавярня сыходзіць за ёю пад'ехаў тралейбус

пыл на падлозе пакоя ў куце застыгне
бы тлушч на пакінутай пад нахілам патэльні
надышла паравіна з занадта зацёганым імем
што агаляе нешта ў тваім асабістым дрэве

з усіх нумароў памятаю адно кватэрны
і сцежку якая да дома вядзе ад прыпынку
званю ў дамафон: ало адчыняць не трэба
колісь табе наступіў цяпер наступі і ты мне