Уладзь Лянкевіч. Класічны выпадак

пакуль мяне не было у пакой заляцела галубка
не ведаю якім ейнае заканчэнне але цельца
на паркеце шпалерах аконных рамах

узяў паперчыну нешта маркерам пазначана
паклаў ёю птушку ў пакет з супермаркета
выйшаў аддаў дзецям – пахавайце пад клёнам

сам назіраў з вакна: толькі шуфлікам ямка –
на працэсію пачалі злятацца галубы з суседняга парку
і дзіцячых пляцовак лапаталі – у гармідары я перастаў бачыць

назаўтра ўсё ўсеяна белымі пацеркамі перлінамі
ўпярэмешку з пер'ем – галубы калі хавалі сваю цароўну
выплёўвалі сэрцы пеючы вітальныя гімны хорам

сёння ноччу я сплю нехта поруч буркоча
нешта нутро топча і я гатовы табе сваё выплюнуць
градзінай дзічкай шарыкам для пінг-понга пакоцаным

а ты не бяры да галавы не пераймайся
у нас з галубамі па два так што яшчэ адно ў запасе