Уладзь Лянкевіч. Калі мы пакрыўдзілі змей першы раз...

калі мы пакрыўдзілі змей першы раз
яны выдумалі нам нітку
мы меркавалі: от бязглуздыя, дарунак за крыўду
а яны думалі: цяпер як ні круці будуць нас помніць

калі мы пакрыўдзілі змей другі раз
яны падаравалі нам валасы
мы меркавалі: от дзе дурні, нам цёпла
яны думалі: мы з іх выпаўзаем

калі мы пакрыўдзілі змей трэці раз
атрымалі пальцы
от ёлупні, мы можам іх злавіць
яны: цяпер кожны іхні рух – няўдалая спроба паўзці

мы папрасілі прабачэння
яны рассмяяліся
і падаліся у бок меднай гары, прыхапіўшы з сабой нашы языкі

нам засталося адно:
мы збіралі іх засохлых на сонцапёку і плялі кошыкі