Уладзь Лянкевіч. Вароны крычаць галасамі капрызных дзяцей...

вароны крычаць галасамі капрызных дзяцей
вялікі сметнік кароны дрэў ровар
па лужынах у двары апісвае адно за адным
васьмёрка кола васьмёрка кола васьмёрка кола

варонкі й барозны дарожнага покрыва аб’язджае
начамі ад людзей падалей катаецца прывід ровара
па бульвары самі круцяцца руль і педалі
кола праколата кола праколата кола праколата

вараны ровар здань мара прывід веласіпедны
абяцаны табе ў маленстве але не падораны
няма ведама колькі ён ужо так ездзіць
вакол дома коламі вакол дома коламі вакол дома коламі