Уладзь Лянкевіч. Паўзе падмарожаная Свіслач



Паўзе падмарожаная Свіслач

[яна даўно не сябруе з менскам больш не адбівае яго]

Яна любіць калі качкі казычуць яе лапкамі
качкі – выгнанцы
рака – рэзервацыя
Яны месяць гушчу вады – за гэта дзякуй
дзякуй таксама рэдкім аматарам круціць катамараныя колы
што яшчэ паўзе, не застыгла, не стала колам
Яе пашчыпвае мароз ды чайка дзюбаю
абое вязнуць
Рыбіны ў ёй з цягам часу сталі нагадваць кратоў,
бо інакш аніяк не прабрацца скрозь зеленаваты кісель
[кемкія дзядкі ўзяўшы рыдлёўку й вядро не кепскі часам прыносяць дадому ўлоў]

Паўзе падмарожаная Свіслач

Мы часта задаемся пытаннем, куды падзяецца наш горад. Я ўспомніў адказ.
Як быў я малым, боўтаў пруточкам у свіслачы [гэта было па-за горадам, з бацькам рыбаліць пайшлі]
я разбіваў павцінне за кустам
трэба падчапіць вось там
падалей цягнуся – бульк
крычу тата! і ня чую, толькі звініць увушшу
і тут я прыкмеціў, як па дне супраць плыні
валакуцца старыя будынкі драўляныя хаты камяніцы і цэрквы касцёлы і плошчы сядзібы
а між іх шпацыруюць па рухомых вулках дзіўныя людзі
я падумаў
вялікі эскалатар ляжыць на дне свіслачы і ўсё гэта падымае ўверх па цячэнні

напэўна, я не патануў тады
бо ўчапіўся за травяную чупрынку берага
бо тата схапіў мяне за руку
гэта здарылася, калі яшчэ можна было патануць у ёй
цяпер – толькі загразнуць

са свіслачы нельга напіцца, толькі адарваць кавалачак, вылепіць з яго свісцёлку і падараваць дзіцяці

паўзе падмарожаная Свіслач

я ведаю, калісьці я пакажу табе тое месца