Глеб Лабадзенка. Азарт

азарт –
як звычка шаленства
як прага ляцець
наўскось
ты ў гэтым ня бачыш
сэнсу
таму ня п’еш
малако
таму не гуляеш
ў карты
ня любіш сухія
лісты
і нават ня марыш
ты
сфоткацца з полам
макартні
увага!
зачыняцца дзьверы!
сьпяшайцеся быць
ў курсе
а ты правядзі
экскурсыю
гэтак,
каб я
паверыў