Ігар Кулікоў. Свамова

Краскай сярод быльля, велета велеагнём
іскры сыпаць уверы – зьнічы ў пракаветных дубровах.
З выселкаў гарадоў дзяць па цагліне свадом,
якому ня будзе месца, якога ня знойдзе вораг.
Вечна на раздарожжы, але заўжды напрасьцяк
паварочваць і меншаць, выбіраючы стор у жмені.
Гоячы рваныя раны, згуснуць крывёю няўзнак,
скаціцца ў неба сьлязой нашчадка ў астатнім калене.
Праз адчай неабходных гор рэяць сваю раку,
бераг раю нястомнай валвой вымываючы з бруду.
Выразаць на касьцях зямлі, сьцёршы сябе ў муку:
«Былі», – усякаму, што ў ачмуры сьцьвярджае: «Буду».
З скварнага поўдня на поўнач, з поўначы ў поўнаноч,
у беспамочча холаду за сьлядамі чорнай каровы
воля да руху вядзе нас празь невымоўны дождж
зноем сваемным таемнай свамовы.