Наста Кудасава. Сабачае

паімчу палямі басалап -
мірыяды музыкаў у пашчы...
падалося, некалі была
я жанчынай з доляю прапашчай.
падалося, падалася так,
быццам дыванамі дол убраны,
быццам кожны адбалелы такт
дзьмухаўцамі зарастаюць раны.
мо таму так вабіць далячынь -
далячу ж! ні лапай не самлею!
бо сабачы лёс - імчання чын -
палявое волі паўназелле...