Наста Кудасава. Ліст другі

у гэтым палацы я ведаю кожнае выйсце,
а выйдзеш у людзі -
і слупянееш паяцам.
нішто не сапраўднае, ведаеш, ёсць толькі лісце
і вецер,
зблукалы ў здзіўленні між сонцаў і пальцаў.
між сонцаў і пальцаў...
астатняе нам толькі сніцца:
і ласка, і роспач,
і ўсё, што так доўга балела.
а свет... ён даўно ўжо не верыць ні вершам, ні прынцам.
ні вершам, ні прынцам, запомні.
твая каралева.