Наста Кудасава. Бо такія жывуць насамрэч

бо такія жывуць насамрэч толькі там, дзе тонка.
ну, а ўсё, што рвецца,
я рупліва складаю ў рукаў.
і пакуль мяне ненавідзяць чужыя жонкі,
я ўсплываю між вамі штодня паплаўком радка.
я кажу, вось – вецер.
кажу, вось – хлеб, а вось – дотык.
я кажу, вось самоты пражэрлівыя смаўжы.
гэта Бог, я кажу, прайграе па нябачных нотах
нас усіх.
а яшчэ я кажу табе –
лепш бяжы!
бо такія жывуць насамрэч толькі там, дзе тонка,
каб усё, што рвецца,
струной
стала ў горле начэй.
і пакуль дзесьці спяць сном ружовым мужы і жонкі,
я кажу – цячы, рака!
і рака цячэ.